Калі ў двух словах, амэрыканцы жадаюць пераменаў да лепшага, найперш у эканоміцы, і Трамп такую надзею дае.
«Пры Трампе хоць нейкі шанец у Ўкраіны можа быць. Пры Харыс яго ня будзе зусім»
Публіцыст Сяргей Навумчык – пра тое, чаму ён лічыць Дональда Трампа фаварытам прэзыдэнцкай гонкі ў ЗША.
– «Салідарнасьць» нядаўна напісала, што ваш пакорны слуга быў адным з нешматлікіх беларускіх камэнтатараў, хто ў 2016 ўпэўнена прадказаў перамогу Трампу (я б удакладніў — адзіным, хто ўпэўнена прадказаў), – адзначае Навумчык. – Гэтым разам у мяне такой ўпэўненасьці няма, і ўсё ж я б —цяпер асьцярожна — паўтарыў бы свой прагноз на карысьць Трампа.
Думаю, Трамп выйграе. І з разгромным лікам, калі казаць пра агульную колькасьць галасоў выбаршчыкаў (прэзыдэнта ў ЗША выбіраюць не грамадзяне, а прадстаўнікі штатаў — выбаршчыкі).
Усё ж, пры дэмакратах зашмат сацыялізму ў ягоным зусім ня швэдскім, а звыродлівым варыянце -/ пераразьмеркаваньня пд тых, хто працуе шмат да тых, хто працаваць ня хоча (не ня можа — а менавіта ня хоча).
Перамены пры Трампе могуць быць і да горшага, што праўда. І нават да вельмі горшага. Але рызыка — у мэнтальнасьці нашчадкаў заваёўнікаў Дзікага Захаду (якія бяскрайнія краявіды адкрываюцца, калі едзеш на аўто зь Нью-Ёрку хаця б да Кліўленду!.. А гэта ўсё было засвоена яшчэ ў XIX стагодзьдзі, без усякіх там «джэнэрал мотарс»!).
Камала ніякай надзеі на лепшыя перамены не дае, яна — палітычная рэінкарнацыя Байдана, а ён — ўвасабленьне стагнацыі, ва ўсіх сэнсах.
Часта кажуць, што міжнародны аспэкт амэрыканцаў не цікавіць; гэта ня так. Цікавіць, хаця і значна менш, чым жыхара расейскай глыбінкі, які ўнітаз бачыў два разы ў жыцьці, затое клапоціцца пра «многополярный мир».
Для Камалы адносная індыфэрэнтнасьць амэрыканцаў да міжнароднай палітыкі — шчасьце, інакш бы яе штодня тыкалі ў, напрыклад, эпізод зыходу ЗША з Аўганістану, у якім Амэрыка выглядала ганебна.
І пра галоўнае для нас: Украіну.
Так, на словах Трамп пагражае «зьдзелкай», а Байдэн — Харыс кажуць пра падтрымку Ўкраіны. Але рэальнасьць вучыць менш зьвяртаць увагу на словы і больш — на справы.
А факты сьведчаць, што першы, хто даў Украіне зброю, быў прэзыдэнт Трамп, а не прэзыдэнт Абама (які мусіў бы гэта зрабіць хай не па літары, але па духу Будапэшцкага мэмарандуму падчас анэксіі Крыму).
І яны ж, факты, кажуць, што Байдэн-Харыс у 2022 адмовіліся зрабіць тое, што нанесла б Крамлю паразу: закрыць над Украінай неба, даць дальнабойную зброю, блакаваць Чарнаморскі флот РФ.
І факты — факты, дарагія сябры! — кажуць, што ня Трамп, а Байдэн і Харыс забараняюць Кіеву біць у глыб расейскай тэрыторыі (гэта як паставіць на рынг двух супернікаў, зьвязаўшы аднаму зь іх рукі за сьпіной).
Таму пры Трампе хоць нейкі шанец у Ўкраіны можа быць. Пры Харыс яго ня будзе зусім.
P..S. Сымпатый як да асобаў ня маю ні да Трампа, ні да Харыс, ні за воднага зь іх не галасую, проста — халодныя, рацыянальныя палітычныя разважаньні.
Увогуле, лічу, што ў свой час Амэрыка зрабіла глабальную памылку, калі ў свой час ня быў абраны не Макейн, а Абама, які быў катастрафічна не гатовы да такой пасады (для тых, хто пачаў цікавіцца палітыкай пасьля 2020, — Макейн гэта не Макей).
Читайте еще
Избранное