Таму тут не выпадае спадзявацца на паўнацэнны план Маршала, ва ўсякім разе, пакуль уладу трымае Лукашэнка. Што да бязвізавага рэжыму — гэта не ёсць нерэалістычная мэта, але сумняюся, што нават яна будзе дасягнута.
Рудкоўскі: Адмова Еўропы выдаваць візы дае лукашэнкаўскай прапагандзе выдатны козыр
Акадэмічны дырэктар BISS Петр Рудкоўскі ў каментары Филину патлумачыў, чаму за саўдзел у агрэсіі найперш павінен адказваць рэжым Лукашэнкі, а не беларускае грамадства.
— Чэхія, а перад гэтым Данія, Швецыя, Фінляндыя і Эстонія заканадаўча адмянілі выдачу візаў для беларусаў (2 чэрвеня ўвечары стала вядома, што ўрад Эстоніі вырашыў аднавіць выдачу працоўных візаў і ВНЖ, а таксама дазволіць працаваць у краіне грамадзянам Беларусі, якія ўехалі з гуманітарных прычынаў, — Ф.).
Як вы лічыце, чаго хочуць дасягнуць такім чынам урады гэтых краінаў? Наколькі эфектыўныя такія меры, калі казаць пра ўздзеянне на беларускі рэжым?
— Гэтая гісторыя з адменай выдачы візаў цягнецца ад пачатку сакавіка. Шчыра кажучы, не разумею сэнсу і мэты адмены. Магу зразумець толькі адзін фактар: тэхнічна-арганізацыйны. У кантэксце дыпламатычнага крызісу, скарачэння колькасці работнікаў у кансулатах і неймавернай нагрузкі на МЗСы заходніх краін з-за мільёнаў бежанцаў з Украіны можа не хапаць сілаў, каб ажыццяўляць консульскія паслугі.
Гэта неяк можна зразумець. Але, наколькі бачу, тут перадусім згадваецца фактар «саўдзелу ў агрэсіі». У справе саўдзелу ў агрэсіі да адказнасці трэба прыцягваць нелегітымны рэжым Лукашэнкі, а не беларускае грамадства, тым больш, што яно ў сваёй большасці выказалася супраць рэжыму яшчэ ў 2020 годзе.
— Ці згодныя вы з меркаваннем, што такім чынам Захад вольна ці невольна грае на руку Маскве і Лукашэнку, бо фактычна адразае магчымасць многім беларусам трапіць у Еўропу?
— Наогул, я даволі асцярожны з тэзай наконт «падыгрывання» аўтакратам з боку Захада. Але ў гэтым канкрэтным выпадку пагаджаюся з гэтым меркаваннем. Контрпрадуктыўнасць такой меры (адмена выдачы візаў) відавочная.
Па-першае, лукашэнкаўская прапаганда тут атрымлівае выдатны козыр, бо, у адрозненне ад антырэжымных санкцый, тут санкцыі скіраваныя на беларускіх грамадзян. Прычым не ў якасці «пабочнага эфекту», а наўпрост.
Па-другое, гэта б’е па іміджу заходніх краін у вачах беларусаў.
Па-трэцяе, спадзяюся, гэта не адбудзецца, але такія дзеянні ствараюць рызыку таго, што частка пратэстнага грамадства пачне падтрымліваць рэжым. Усё гэта, несумнеўна, на руку рэжымам — як беларускаму, так і крамлёўскаму.
— Святлана Ціханоўская на кангрэсе Еўрапейскай народнай партыі заклікала еўрапейскіх палітыкаў увесці бязвізавы рэжым для беларусаў і паскорыць прыняцце «плана Маршала» для Беларусі. Як вы лічыце, ці пачуюць Ціханоўскую ў Еўропе сёння, калі нашу краіну лічаць суагрэсарам і асноўная дапамога скіраваная Украіне?
— Зараз задача нумар адзін для Захада — гэта спыніць вайну ва Украіне і зразумець, як адбудоўваць гэту краіну. Тое, што менавіта гэта стала прыярытэтам — думаю, нічога дзіўнага. Гэта ў інтарэсах усіх, у тым ліку новай Беларусі, каб Украіна захавала суверэнітэт, займела мір і хутка адбудавалася.
Але агучванне пастулатаў часцяком мае сэнс незалежна ад рэалістычнасці іх спаўнення. Гэта форма ўдзелу ў агульнаеўрапейскіх працэсах. Тэма ролі Беларусі, яе дэмакратычнай часткі — вельмі моцнай і жывучай — такім чынам трапляе ў публічную прастору Еўропы.
Беларусь такім чынам пыдтрымлівае сваю суб’ектнасць у еўрапейскай палітыцы. Гэта і ёсць праграма-мінімум, якую можна і трэба ажыццяўляць.
Читайте еще
Избранное