Филин

Сяргей Васілеўскі

Рудкоўскі: «Грузія нават блізка не знаходзіцца поруч з жорсткай і персаналісцкай аўтакратыяй, як лукашысцкая»

Ці слушна казаць пра «беларусізацыю» грузінскай улады? На гэтае ды іншыя пытанні Филина адказаў доктар філасофіі, палітолаг Пётр Рудкоўскі.

— Пакуль можна толькі здагадвацца, наколькі масавымі будуць анансаваныя грузінскай апазіцыяй пратэсты. Пагатоў, нельга пакуль сказаць, чым усё скончыцца ў Грузіі. Тым не менш, калі ацаніць тут і цяпер, чым сённяшні вынік выбараў у гэтай краіне ёсць для рэжыму ў Беларусі?

— У грузінскай апазіцыі няма моцных козыраў. Меркаваныя «фальсіфікацыі» зводзяцца да ўжывання адміністрацыйнага рэсурсу і фінансавай перавагі кіроўнага блоку.

У той жа час кіроўная партыя валодае цалкам унушальнымі козырамі ў выглядзе эканамічнага росту (за час яе кіравання ВУП вырас ледзь не ўдвая), забеспячэнне ўнутранага і вонкавага міру, а таксама сур’ёзнымі зрухамі ў напрамку еўраінтэграцыі (адмена візавага рэжыму, падпісанне з ЕС пагаднення аб асацыяцыі).

А пры ўсім гэтым ўлады ўмудрыліся займець імідж «абаронцаў традыцыйных каштоўнасцяў» — рэч, каторая для вялікай часткі грузінскага грамадства не менш важная, чым праеўрапейскі напрамак.

Такім чынам, кіроўная група мае вельмі моцную легітымізацыю — электаральную, эканамічную і культурна-ідэалагічную. Пратэсты апазіцыі будуць, але амаль напэўна яны не прывядуць да нейкага пералому.

Пётр Рудкоўскі

Суадносна, не бачу тут падстаў для прагназавання якой-небудзь змены ў палітыцы Грузіі да Беларусі, ні ў плане стасунку да рэжыму, ні да дэмакратычных сіл.

— Калі дапусціць найгоршы варыянт — Захад абмежаваўся заклапочанасцю, апазіцыя не здолела арганізаваць сур’ёзны супраціў — ці можна чакаць у такім выпадку спробаў з боку партыі «Грузінская мара» пайсці на большае збліжэнне не толькі з Крамлём, але і з Лукашэнкам?

— Палітыка «Грузінскай мары» ў дачыненні да Расіі — гэта рэч трошкі загадкавая. На фоне палітыкі часоў Саакашвілі яна можа выглядаць дужа прарасійскай, але калі супаставіць з палітыкай іншых краін рэгіёну — Азербайджанам, Казахстанам або Арменіяй, то яе ніяк прарасійскай не назавеш.

Гэта хутчэй манеўраванне паміж ЕС і Расіяй (хаця, ад пэўнага часу можна тут казаць пра манеўраванне між ЕС, Расіяй і Кітаем).

З другога боку, Іванішвілі, які мае за сабой доўгую гісторыю вядзення бізнесу на тэрыторыі Расіі, можа мець нейкія няяўныя інтарэсы ў збліжэнні з Расеяй. Але гэта ўжо абшар спекуляцый, таму абмяжуюся засігналізаваннем тэарэтычнай магчымасці.

— Мы вельмі занепакоеныя «беларусіфікацыяй» Грузіі, — заявіў прадстаўнік нямецкага Бундэстагу Міхаэль Рот. Гэта, канечне, не той знак якасці, якога б хацелі многія беларусы. Наколькі слушнае такое параўнанне?

— Грузія — парламенцкая рэспубліка, дзе выбары — рэальныя (хоць пры няроўных шанцах), з моцнай нацыянальнай тоеснасцю і выразным праеўрапейскім вектарам. У аўтарытэтных рэйтынгах дэмакратыі (напр. The Economist Intelligence Unit) Грузія фігуруе як «гібрыдны рэжым».

Гэта не зусім дэмакратыя, але і не аўтакратыя. І, напэўна, яна нават блізка не знаходзіцца поруч з жорсткай і персаналісцкай аўтакратыяй, як лукашысцкая.

Спадару Роту выпадае пашукаць іншых аналогій, бо паміж рэжымам Лукашэнкі і палітычнай сістэмай Грузіі больш адрозненняў, чым падабенстваў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.6(9)