Филин

Сяргей Васілеўскі

Рудкоўскі: Турыстычны бан для багатых расіян быў бы напамінам, што вайна — гэта не серыял і не трылер

Палітолаг — пра ініцыятыву Кіева адмяніць шэнгенскія візы для грамадзян Расіі.

Еўрасаюз прыме да разгляду прапанову аб забароне выдачы грамадзянам Расіі шэнгенскіх віз. Гэтую ідэю агучыў украінскі прэзідэнт Уладзімір Зяленскі, а кіраўнік МЗС Украіны Дзмітрый Кулеба прапанаваў зрабіць тое самае краінам-чальцам «Вялікай сямёркі».

Па яго словах, паколькі пераважная большасць грамадзян РФ падтрымлівае вайну ва Украіне, то яны мусяць быць пазбаўленыя права перасякаць міжнародныя межы, пакуль не навучацца іх паважаць.

Прапановы Кіева падтрымалі прэм’ер-міністры Эстоніі і Фінляндыі, латвійскі парламент заклікаў краіны ЕС забараніць выдачу турыстычных і ўязных віз для грамадзян Расіі і Беларусі.

Пакуль невядома, ці будуць прынятыя прапановы ўкраінскіх уладаў, ці закране магчымае абмежаванне агулам шэнгенскія візы, ці толькі турыстычныя. Пра маральныя і палітычныя аспекты ўкраінскай ініцыятывы Филин паразмаўляў з палітолагам, акадэмічным дырэктарам Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (BISS) Пятром Рудкоўскім.

— Наколькі прапанова ўкраінскіх уладаў бачыцца вам слушнай: ці варта караць усіх расейцаў без разбору, як прапануе Кіеў?

— Абмежаванне турыстычных, то бок рэкрэацыйных паездак у заходнія краіны для расіян — у гэтым можа быць сэнс і этычны, і палітычны. Такога тыпу паездкі цяпер могуць дазволіць сабе пераважна багатыя расіяне.

У адрозненне ад сярэдняга і беднага класу, менавіта гэтая праслойка найбольш заўзята падтрымлівае расійскую агрэсію. Як паказваюць сацапытанні, унутры гэтай групы самы вялікі адсотак тых, хто падтрымлівае «спецаперацыю».

Але — увага! — і самы нізкі адсотак тых, хто гатовы быў сам пайсці ваяваць або хаця б скласці ахвяраванне на патрэбы «спецаперацыі».

Гэта азначае, што расійскі багаты клас успрымае гэтую вайну як нейкі трылер, вострасюжэтны серыял, які падкормлівае іх вялікарускае эга.

Такім чынам, турыстычны бан для гэтай катэгорыі людзей быў бы некаторым ацверажальнікам, напамінам, што вайна — гэта не серыял і не трылер, а маса злачынстваў, за якія яны — з увагі на шырокую падтрымку вайны — таксама нясуць адказаць.

Рызыка пакарання нявінных (напрыклад, праціўнікаў вайны) тут застаецца, але яна не дужа высокая.

Што ж тычыцца татальнага бану — забарона ўезду ў заходнія краіны для ўсіх расіян, без увагі на матывы падарожжа і стаўленне да пуцінізму, — гэта, канешне, перагіб, які мае і этычныя, і палітычныя засцярогі.

Этычныя — бо праціўнікі пуцінскага рэжыму ўнутры Расіі знаходзяцца не ў нашмат лепшай сітуацыі, чым украінцы на акупаваных тэрыторыях.

Многія з іх ізгоі ўнутры краіны. Шмат хто плаціць за гэта працай, свабодай, здароўем і дабрабытам сваіх сем’яў. Іх трэба падтрымліваць, а не караць.

Палітычныя засцярогі — бо без хаўрусу з праціўнікамі пуцінізму сярод расіян перамога будзе нашмат больш складанай.

— Кіеў не гаворыць пакуль пра забарону віз для беларусаў, але такія ідэі ўжо выказала Рыга. Яшчэ раней апазіцыя ў Грузіі агучыла ідэю ўвесці візы для расейцаў, а таксама і для беларусаў. Ці можа прапанова Зяленскага справакаваць у гэтым пытанні ланцуговую рэакцыю ў дачыненні да беларусаў?

— Латвія або Грузія, узятыя асобна, — гэта краіны, якія памерам не нашмат большыя за адну толькі Мінскую вобласць. Эміграцыя з Беларусі, Украіны і Расіі ў гэтыя краіны вымяраецца ўжо сотнямі тысяч, а можа сягнуць і мільёна.

Хоць гэта можа наўпрост не гаворыцца, але адна з прычын, магчыма нават асноўная прычына, — палягае ў апасеннях дэмаграфічнага характару.

Калі гаварыць пра тую самую Латвію, дзе і без эміграцыі чвэрць двухмільённага насельніцтва была рускамоўнай, то ў выніку інтэнсіўнай эміграцыі з Украіны, Беларусі і Расеі, латышскамоўныя грамадзяне рызыкуюць зноў апынуцца ў меншасці.

Ясна, што Латвія не можа ўвесці абмежаванні для ўкраінцаў. Але ў дачыненні да расіян і беларусаў яны спрабуюць знайсці прэтэксты, каб абмежаваць міграцыю.

Для нас, беларусаў, якія ў большасці супраць рэжыму, і дзе праціўнікаў расійскай агрэсіі больш, чым прыхільнікаў, гэта выглядае як несправядлівасць.

Але веру, што іншыя, большыя краіны, застануцца адкрытымі для беларусаў. А таксама для расіян, якія выступаюць супраць пуцінізму і развязанай ім злачыннай вайны.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3.9(7)