Руднік: «У аўтарытарную канву вельмі добра кладзецца прысутнасць жанчын, як гаспадынь, якія дапамагаюць трымаць хату, то-бок краіну, у парадку»

Дырэктар Цэнтра новых ідэй — аб тым, ці хочуць беларусы жанчыну-лідарку.

Фото: Белсат

— Толькі 14% беларусаў, згодна з апошнім апытаннем Chatham House, не гатовы абраць жанчыну ў якасці лідара — і гэта даволі добры паказчык, — адзначыла палітолаг Леся Руднік на Радыё Свабода. — 50% адназначна гатовыя галасаваць за жанчыну-кандыдатку, выбіраць жанчыну ў якасці палітычнай лідаркі.

Нагадаю, што ў 2020 годзе было 17% тых, хто быў не гатовы галасаваць за жанчыну. Цяпер іх 14%. То-бок за чатыры гады іх колькасць нязначна, але ўсё роўна скарацілася.

Калі паглядзець сусветныя трэнды, гэта даволі добры паказчык. Напрыклад, у Расіі каля 68% людзей супраць таго, каб галасаваць за жанчыну.

У ЗША гэта паказчык на прыкладна такім жа ўзроўні, што і ў Беларусі. Таму глабальна ўсё выглядае, я б сказала, даволі прагрэсіўна, улічваючы тыя ўмовы, у якіх зараз развіваецца сітуацыя.

Менавіта сярод беларусаў 45-54 гадоў найбольшая колькасць людзей, якія адназначна гатовыя абіраць жанчыну-палітыка ў якасці лідаркі.

І гэта, напэўна, часткова супадае з такім профілем пратэстоўцаў і прыхільнікаў дэмакратычных сіл у кампаніі 2020 года.

Пры гэтым палітолаг звярнула ўвагу на колькасць тых, хто адмовіўся адказваць на пытанне аб палітычным лідарстве жанчын.

— Тых, каму было складана адказаць на такое пытанне альбо хто адмовіўся на яго адказваць, — 36%. А яшчэ два гады таму іх было 22%. А ў 2020 годзе — усяго 9%.

Гэта значыць, што за чатыры гады колькасць людзей, якія не могуць вырашыцца з адказам на гэта пытанне, альбо не гатовыя размаўляць пра гэта, павялічылася ў шмат разоў.

Тут варта падумаць, ці гэта лічба адлюстроўвае пэўны фактар страху, ці мы бачым нейкі трэнд таго, як, можа быць, зараз думаюць беларусы.

Ці звязана гэта з тым, што, можа быць, у іх узнікаюць асацыяцыі з лідарствам умоўнай прарэжымнай жанчыны, а, можа быць, з расчараваннем жаночага лідарства з боку дэмакратычных сіл, — разважае Руднік.

У той жа час яна не згодная з тым, што Лукашэнка бачыць палітычным лідарам тую ж Наталлю Качанаву, якая, згодна адноўленай канстытуцыі, павінна будзе ўзначаліць уладу.

— Гэта ўсё грунтуецца на персанальных якасцях, на лаяльнасці. На тым, што персанальна Качанава ўвасабляе ў сабе тыя якасці, якія патрэбны лаяльнаму пераемніку Лукашэкнкі.

Тут увогуле няважныя гендарныя аспекты, таму што Качанава даволі шмат кажа пра традыцыйную жаночую ролю ў сям’і, пра ролю маці, гаспадыні і г.д.

У аўтарытарную канву вельмі добра кладзецца прысутнасць жанчын, як такіх вось гаспадынь, якія дапамагаюць трымаць хату, то-бок краіну, у парадку.

Мне падаецца, што Качанава не выглядае як моцная рука, якая можа цалкам замяніць Луашэнку. Яна выглядае як вось такая правая рука, якая дапамагае гаспадару трымаць усё ў парадку.

Таму гэта пра лаяльнасць, персанальныя кампетэнцыі і ўпэўненасць у тым, што спадчына рэжыму, спадчына Лукашэнкі можа стаць гарантыяй для яго дзяцей у будучыні.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 1.8(5)