Общество

«Са мной ці безь мяне — яна б ваявала». Гісторыя каханьня беларускі Марыі Зайцавай і ейнай дзяўчыны ўкраінкі Ані

Пра пазыўны, схаваныя стасункі і пачуцьцё страты. У размове з Свабодай украінка Анна Ганчарова расказвае пра сваю гісторыю каханьня зь беларускай добраахвотніцай Марыяй Зайцавай, якая загінула сёлета пад Пакроўскам.

Анна Ганчарова і Марыя Зайцава падачас вандроўкі на мора, фота з прыватнага архіву

«Яна мне спадабалася зь першага позірку»

Анна Ганчарова (так запісанае ейнае імя ва ўкраінскім пашпарце і так дзяўчына просіць сябе называць у публікацыі) расказвае, што паходзіць з Адэскай вобласьці. Зараз ёй 20 гадоў.

Калі пачалося поўнамаштабнае ўварваньне Расеі ва Ўкраіну, дзяўчыне было 16. Яны з маці тады выехалі ў Чэхію. Цяпер Анна вучыцца ў мэдычным унівэрсытэце ў Празе на кірунку «агульная лекарская справа».

Першая сустрэча з Марыяй Зайцавай была ў Празе ў пачатку лета 2022 году, успамінае яна. Дзяўчыне тады было цяжка адаптавацца ў новай краіне, і яна зьвярнулася да псыхоляга, які працаваў у дабрачынным цэнтры «Мрія». У гэтым жа цэнтры валянтэрыла Марыя. Яна займалася засяленьнем уцекачоў.

Марыя Зайцава ў вайсковай форме, фота з прыватнага архіву

Анна кажа, што ў адзін з такіх візытаў да псыхоляга і пабачыла Марыю. Дзяўчына называе яе «Маша». Зайцава пазьней прызнавалася, што заўважыла Анну яшчэ раней.

— Яна мне спадабалася зь першага позірку. Я зразумела, што яна сапраўды нечым асаблівая. Бо яна заўсёды была вельмі харызматычнай. Ад яе вельмі павявала ўпэўненасьцю. Мела такую энэргетыку, што хацелася быць побач. Мне здаецца, што шмат людзей так думалі, — кажа Анна.

З словаў суразмоўцы, Марыя камунікавала зь невялікай колькасьцю людзей. У яе было няшмат сяброў, ёй было цяжка даверыцца іншым і сацыялізавацца пасьля траўмаў 2020 году.

У той дзень дзяўчаты пазнаёміліся, разгаварыліся. І яшчэ восем месяцаў камунікавалі як сяброўкі.

— Яна мне расказвала, як працуе, пра сваю котку Цьмоку, бо яна была маленькая, чорненькая, таму Марыя так яе назвала. Я расказвала, як у мяне справы… Мы абедзьве, думаю, разумелі, што адна адной падабаемся. Але мы не сьпяшаліся, паціху прывыкалі адна да другой, — кажа Анна.

Яна прызнаецца, што зь першых сэкундаў зразумела, што Марыі падабаюцца дзяўчаты. Тая таксама гэта зразумела пра Анну яшчэ да знаёмства.

— Але я ня магу патлумачыць, чаму, бо я сама ня ведаю. Неяк так працуе, — дадае суразмоўца.

Анна і Марыя, фота з прыватнага архіву

Дзяўчаты расказалі адна адной, што ім падабаюцца жанчыны, у сваіх першых гутарках. Першай Марыю на спатканьне паклікала Анна, успамінае яна. Так дзяўчаты сталі хадзіць на спатканьні.

На Новы 2023 год Анна паехала на дзесяць дзён за мяжу, да сяброў адпачыць. За гэты час, мяркуе яна, абедзьве дзяўчыны зразумелі, што сумуюць адна без адной.

— Яна папрасіла дазволу сустрэць мяне з аэрапорту. Я прыляцела, яна мяне сустрэла. Яна тады была з кветкамі. Мы пайшлі на спатканьне. Маша сказала, што я ёй падабаюся, і прапанавала сустракацца. Я пагадзілася, — успамінае дзяўчына.

«Мае бацькі вельмі цёпла яе прынялі»

Дзяўчаты не афішавалі, што яны пара. Пра іхныя стасункі за два гады даведаліся каля дзесяці чалавек. Гэта іхныя сябры і сям’я Анны.

— Я адразу пазнаёміла Машу з сваімі бацькамі, калі мы пачалі сустракацца. Мае бацькі вельмі цёпла яе прынялі. Яна для маіх бацькоў была як другая дачка. Яны вельмі моцна яе любілі. Пастаянна дарылі ёй падарункі, перадавалі перадачы. Машу запрашалі на ўсе сямейныя сьвяты. Таму маім бацькам цяжка было гэта перажываць (гібель Марыі. — РС), — тлумачыць дзяўчына.

З словаў Анны, Марыя амаль не кантактавала з сваімі бацькамі пасьля траўмы 9 жніўня 2020 году. Калі маці наведала параненую Марыю ў лякарні, то не ўхваліла ейныя дзеяньні.

— Тады яны разьвіталіся. Маша аддала ёй ключы ад дому. І зь лякарні Маша паехала ў Чэхію… З бацькам яны таксама доўга не камунікавалі. Яна мне казала, што хацела наладзіць адносіны з бацькам яшчэ ў падлеткавым узросьце, але ён не адгукаўся. У яго была іншая сям’я. Калі Маша толькі прыехала ў Чэхію, мама ёй нешта яшчэ пісала раз на паўгоду, раз на год, — пераказвае Анна.

Анна і Марыя, фота з прыватнага архіву

Як расказала Свабодзе іншая асоба, блізкая Марыі, дзяўчына ўсё ж камунікавала з маці, калі зьехала з Беларусі. Тая, праўда, заўсёды пісала першай, дасылала дачцэ пасылкі зь Беларусі. Але, паводле суразмоўцы, камунікацыя Марыі з маці заўсёды была досыць халодная.

Са словаў крыніцы, маці атрымлівала інфармацыю пра Марыю падчас яе ўдзелу ў баявых дзеяньнях. Імаверна, Марыя пра гэта ня ведала. З бацькам дзяўчына не камунікавала зусім, бацькі былі ў разводзе.

У Марыі не было братоў і сёстраў. Ейная бабуля памерла перад тым, як загінула Марыя. На думку Анны, у іх з унучкай таксама не было цёплых адносінаў.

— Маша мне заўсёды казала, што яна расла як адзіночка. Усе свае праблемы, перажываньні яна трымала ў сабе, — успамінае дзяўчына.

Адкрыта сваіх адносінаў Марыя і Анна не праяўлялі, бо не лічылі гэта патрэбным, а нават баяліся і не хацелі ставіць сябе пад небясьпеку, тлумачыць суразмоўца.

Абедзьве раней сутыкаліся з асуджэньнем праз сваю сэксуальную арыентацыю, чулі абразы ў свой бок. Яшчэ з падлеткавага ўзросту, калі некаторыя сябры Анны даведваліся, што ёй падабаюцца дзяўчаты, то пераставалі зь ёй кантактаваць.

Гульня ў казла і «правільныя» дранікі

Дзяўчаты не жылі разам, але сустракаліся, кажа Анна. Яны шпацыравалі па вуліцах, парках. Любілі хадзіць па барах Прагі, па музычных барах, дзе Анна ўрэшце часам пачала выступаць. Марыі падабалася піва. Анна на першым спатканьні піла віскі з колай, чым зьдзівіла партнэрку. Потым гэты напой палюбіла і Марыя.

— Яна мне расказала пра чэскую гульню ў кампаніі — у «казла». Сутнасьць была ў тым, каб увесь вечар хадзіць па барах. У першым бары «прывязаць казла» (казёл уяўны. — РС), правесьці там час, потым уголас сказаць, што яго адвязваеш, і пайсьці ў іншы бар. Калі хтосьці забыўся гэта зрабіць, кампанія мелася вярнуцца ў той бар, дзе «забыліся казла», зноў там пасядзець, і пайсьці далей, — дзеліцца суразмоўца.

Дзяўчаты хадзілі адна да адной у госьці. Разам гатавалі. Анна любіла бульбу. Марыя пякла для яе «правільныя» дранікі: з дранай бульбы і солі, бязь іншых дадаткаў. Жартам асуджала партнэрку. Маўляў, у яе сям'і пякуць няправільна: з мукой і яйкам, але ахвотна ела такі варыянт дзеруноў. Яна вучылася рабіць іншыя беларускія стравы, прыкладам, крамбамбулю.

Марыя Зайцава

— Яна вельмі любіла ўкраінскі боршч, сала. Мая мама пастаянна ёй перадавала брыкецік сала, калі яна прыяжджала з Украіны. Адкладала асобна і казала: «Гэта Марыі, перадай»… Зь няхатняй ежы яна вельмі любіла ўсё з манга. Я часта прыносіла ёй марозіва з манга, — узгадвае суразмоўца.

Падчас аднаго з адпачынкаў добраахвотніцы пара паехала ў Бэрлін, успамінае суразмоўца. Гэта была першая замежная паездка беларускі, калі не лічыць Чэхію і Ўкраіну.

Яны хадзілі па музэях, галерэях, глядзелі гістарычныя будынкі, бо Марыя любіла гісторыю яшчэ з школы. Яна вучылася ў клясе з паглыбленым вывучэньнем беларускай мовы і гісторыі.

— Яна вельмі любіла міты. Гэта былі яе ўлюбёныя кніжкі. Яна часта мне штосьці чытала. І так мы прыдумалі ейны пазыўны — «Адысэя». Недзе за тыдзень да яе ад’езду мы ляжалі ў ейным пакоі. Маша ўголас мне чытала «Адысэю» Гамэра.

Я задумалася пра ейны пазыўны і прапанавала гэты. Яна сказала, што ёй вельмі падабаецца. Плюс яна была рада, што пазыўны можа мець дачыненьне да майго гораду, бо я з Адэскай вобласьці, што гэта будзе ёй нагадваць пра мяне, — успамінае Анна.

Анна падкрэсьлівае, што ня раз заўважала, як мінакі глядзяць на Марыю, калі тая ішла па горадзе ў вайсковай форме. З абясцэньваньнем, нібыта маладая дзяўчына ня можа прынесьці карысьць на вайне. Праз гэтыя позіркі, кажа яна, ім было некамфортна бываць у публічных месцах.

Прапанова пасьля вайны

У дзяўчат быў розны погляд на тое, каб афіцыйна расьпісацца.

— Яна сказала, што хоча зрабіць мне прапанову пасьля таго, як закончыцца вайна ва Ўкраіне, — успамінае Анна.

Для Марыі важныя былі традыцыі. Для Анны гэта спачатку была толькі пячатка ў пашпарце, але потым яна зьмяніла думку. Яны абмяркоўвалі, якога хацелі б вясельля, каго запрасілі б у госьці. Расьпісацца хацелі ў Чэхіі, бо ва Ўкраіне ці ў Беларусі гэта немагчыма, дзеліцца суразмоўца.

Анна і Марыя, фота з прыватнага архіву

На мінулы Новы год Анна падарыла партнэрцы альбом з усімі іхнымі фатаздымкамі, з подпісамі месца і невялікімі гісторыямі.

— Мы дамовіліся, што будзем і далей дадаваць у альбом новыя фатаграфіі, — заўважае дзяўчына.

Яна таксама падарыла Марыі казацкую завушніцу, якую тая хацела: з крумкачом і скрыжаванымі шаблямі. Любімым падарункам Марыі была падвеска ў выглядзе рунічнага компасу на срэбраным ланцужку.

«Са мной ці безь мяне — ваяваць»

Праз два месяцы пасьля пачатку стасункаў, у сакавіку 2023 году, Марыя паехала ваяваць. Яна далучылася да Другога інтэрнацыянальнага легіёну. Спачатку была ў мэдычнай службе, потым стала снайпэркай. Анна кажа, што партнэрка падзялілася сваім жаданьнем паехаць на вайну ў першы дзень іхнага знаёмства.

— Яна расказала, што яе вельмі непакоіць пытаньне пратэстаў. Яна ня лічыць гэтую гісторыю закрытай. Яна зь вялікім жалем пра гэта згадвала. Беларусы, на ейную думку, недапрацавалі, не даціснулі. Ёй было шкада, што пратэсты не прывялі да нечага такога маштабнага, як Майдан. Яна захаплялася мэнталітэтам украінцаў, — адзначае Анна.

Марыя расказвала ёй, што актыўна сочыць за полкам Каліноўскага і хоча трапіць да іх у службу мэдычнай эвакуацыі. Анна прызнаецца, што ёй першыя паўгоду было цяжка зразумець матывацыю сяброўкі.

— Мы вельмі кахалі адна адну. Я вельмі хацела, каб яна заставалася ў бясьпечным месцы, як і яна таго ж хацела для мяне. Мы часта гаварылі пра гэта і сварыліся з гэай прычыны. Яна мне пастаянна тлумачыла, што ейнай вялікай марай была вольная Беларусь, і яна хацела знайсьці шлях да яе.

На яе думку, гэта (сілавы шлях. — РС) быў адзіны варыянт… Я зразумела, што са мной ці безь мяне — яна будзе ваяваць. Для яе гэта было на першым месцы. Я абрала шлях яе падтрымліваць, — кажа Анна.

Анна і Марыя падчас вандроўкі ў Бэрлін. Фота з прыватнага архіву

Анна таксама думала паехаць на вайну як мэдычны работнік. Аднак ёй не хапала адукацыі. Марыя, калі даведалася пра гэта, моцна сварылася.

— Яна казала, што яна ня можа інакш, бо ня можа трапіць у сваю краіну, і гэта (вайна. — РС) адзіны шлях такое зрабіць. А што я не павінна гэтага рабіць, бо мне яшчэ трэба вучыцца, і я магу неяк інакш дапамагаць, — кажа дзяўчына.

Вайскоўцы у паперах маюць пазначыць блізкую асобу, якой трэба паведаміць пра іхнае раненьне або сьмерць. У Марыі такой асобай была ня Анна, а актывістка з Чэхіі, якая дапамагала ёй і іншым уцекачам адаптавацца.

— Праз год пасьля таго, як мы пачалі сустракацца, я актыўна пачала прасіць Марыю зьмяніць гэты кантакт, бо і яна, і я разумелі, што няма патрэбы запісваць у паперы чалавека, які ёй насамрэч ніхто, то бок яна ёй дапамагла, але яна ня крэўная, не сяброўка.

Марыя на гэта мне казала, што гэта доўга, яна ня хоча гэтым займацца, што ў яе вялікая ўдача і што зь ёю ніколі нічога ня станецца, і ў гэтым няма патрэбы, — пераказвае Анна.

Яна ж сама, як мяркуе, глядзела на сытуацыю больш рэалістычна і разумела, што Марыя можа загінуць. Дзяўчына зь дзевяці гадоў, калі пачалася вайна ва Ўкраіне, выхоўвалася ў сям’і валянтэраў, праводзіла час у хабах, дзе плялі маскавальныя сеткі, зьбіралі пакункі на фронт. Яна часта бачыла, як маці кантактавала з вайскоўцамі, а потым тыя проста зьнікалі.

Хацела вярнуцца ў Беларусь

Марыя хацела вярнуцца ў Беларусь, у Менск. Ёй не падабаўся Гомель, зь якога яна паходзіла, бо зь ім было зьвязана шмат непрыемных успамінаў. Марыя казала, што хацела б узяць Анну з сабой у Беларусь, калі гэта стане магчымым.

— Яна любіла пра гэта гаварыць. Яна вельмі любіла Беларусь, яе культуру і мову. Яна хацела пабываць там, пабачыць усё зноў. Яна мне казала, што часта сумуе па асобных рэчах, нават прадуктах, па марозіве.

Якое толькі марозіва я ні спрабавала ёй прапанаваць — і ў Нямеччыне мы елі, і ва Ўкраіне — яна пастаянна казала: гэта ня тое самае, што беларускае марозіва, — успамінае Анна.

Яна кажа, што ў яе не было нэгатыўнага стаўленьня да Марыі праз тое, што тая беларуска, бо яна адразу даведалася гісторыю дзяўчыны. Тое самае і зь ейным атачэньнем.

Сама ж Марыя асуджала беларусаў, якія не падтрымалі пратэсты. Паводле суразмоўцы, Марыя ніколі не шкадавала, што брала ў іх удзел. Адзінае, пра што яна шкадавала, што не ўзяла да Стэлы шалом ці каску, каб абараніць галаву.

18 жніўня 2023 году Марыя Зайцава атрымала раненьне левай рукі. Тады ў яе ў руцэ разарвалася сыгнальная ракета, пашкодзіла пальцы, спаліла нэрвы, яна атрымала апёкі. Яе эвакуавалі. Беларуска апынуся ў шпіталі ва Умані. Анна адразу прыехала да партнэркі.

— У шпіталях, у аднаўленьні мы былі ўдвох заўсёды. Ёй было вельмі цяжка. Ёй вельмі не падабалася адчуваць сябе нямоцнай, няздольнай… Яна заўсёды хацела вярнуцца назад, зноў пачаць ваяваць. Ёй цяжка было ў гэты пэрыяд не рабіць нічога, а проста аднаўляцца, — успамінае суразмоўца.

У шпіталях ва Ўкраіне Зайцава правяла каля двух месяцаў, а потым працягнула аднаўленьне ў Чэхіі.

— Было цяжка, пастаянныя перавязкі, кропельніцы. У яе быў нэкроз. Пастаянна выразалі частку скуры. Маша спаліла нэрвы і не магла згінаць сярэдні палец, як раней. Яна была вельмі засмучаная.

Казала, што аднаўленьне ні да чога не прывядзе. Я часам начавала ў палатах. Яна часта прачыналася ноччу, бо не магла спаць праз моцныя апёкі, — успамінае Анна.

Мэдсёстры навучылі Анну простым мэдычным працэдурам, масажам, расьцяжкам. Яна дапамагала Марыі таксама ў побытавых справах, прыкладам, памыць галаву. Яна ўспамінае, што гэта быў складаны пэрыяд, яны тады больш сварыліся.

— Я была ўпэўненая, што яна справіцца… Супольнымі высілкамі потым усё было добра, і яна мне вельмі дзякавала.

Мы вельмі зблізіліся за гэты час. Маша мне сказала, што пра яе ніхто так ніколі не клапаціўся. Мне стала ад гэтага балюча за каханую асобу, што за ўвесь гэты час, за 22 гады дзяўчына не атрымлівала базавага клопату, — дзеліцца суразмоўца.

Падчас аднаўленьня Марыя затрымалася ў Чэхіі. Яна не разглядала магчымасьці застацца ў цывільным жыцьці. Але шукала часовую працу. Анна кажа, што Марыі абяцалі памагчы, аднак урэшце праца для яе не знайшлася. Празь сем месяцаў пасьля раненьня добраахвотніца вярнулася на вайну.

Апошні раз Анна бачыла партнэрку ў жніўні 2024 году. Яна праводзіла яе на трохмесячныя снайпэрскія курсы. Перад гэтым 15 дзён адпачынку добраахвотніцы яны правялі разам.

— Мы паехалі разам на мора да майго дзядулі. Яна ўпершыню пабывала на моры ў сьвядомым узросьце. Я вельмі хацела, каб яна пабыла ў мяне дома, паказаць ёй месца, дзе я вырасла. Яна была вельмі шчасьлівая гэта бачыць.

Гэта была дзіцячая радасьць. Маша ня ўмела плаваць. Мы былі вельмі падобныя: мы абедзьве ня ўмеем катацца на роварах і ня ўмеем плаваць. Аднойчы мы трапілі на мора ў шторм. Мы купаліся. Ёй вельмі падабалася пачуцьцё свабоды, — успамінае Анна.

Падчас таго адпачынку Марыя ўпершыню здолела трапіць на дзень нараджэньня Анны.

— Гэта быў, пэўна, адзін з самых шчасьлівых дзён, якія мы правялі разам, — заўважае суразмоўца.

«Быццам у мяне забралі частку органаў»

Марыя Зайцава загінула падчас баявога заданьня пад Пакроўскам 17 студзеня 2025 году. Анна кажа, што даведалася пра гэта ад яе пабраціма, зь якім беларуска працавала ў пары, у той жа дзень. Спачатку ён ёй напісаў, потым патэлефанаваў.

— У мяне было адчуваньне, быццам увесь сьвет схлопнуўся, і я не разумела, як мне далей ісьці ў жыцьці. У мяне дагэтуль адчуваньне, быццам у мяне забралі частку органаў, і я функцыяную безь яе, — апісвае Анна.

Дзяўчына кажа, што Марыя ня мелася быць на «нулі» у той дзень, бо снайпэры павінны працаваць на больш аддаленых лініях абароны.

— Быў загад камандаваньня: празь недахоп пяхоты трэба было закрыць дзіру, якая была ў лініі абароны, і для гэтага ўзялі людзей з групы снайпэраў. Тады быў варожы штурм. Гэта была Вазьдзьвіжанка, Пакроўскі кірунак. Яны былі з пабрацімам у акопе. Было артылерыйскае пападаньне, — расказвае Анна, што ведае пра абставіны сьмерці партнэркі.

Марыя Зайцава

Наколькі яна ведае, Марыя загінула імгненна. Добраахвотніца хацела, каб яе пахавалі ў Кіеве каля пабраціма-беларуса «Мінска», які загінуў перад ёю.

— «Мінск» быў вельмі сьветлым чалавекам. Яна зь ім сябравала. Лічыла яго прыкладам. Яна ім даражыла як сябрам. Яна вельмі цяжка перажывала яго сьмерць, бо, паводле яе, гэтага можна было пазьбегнуць.

Тады яна ня здолела прыехаць на пахаваньне «Мінска» ў Кіеве, бо мелася выходзіць на сваю зьмену. Гэта была яе першая значная страта на вайне, — тлумачыць Анна.

На вайне толькі трое пабрацімаў і сяброў Марыі ведалі пра ейныя адносіны з Аннай. Іншыя пабрацімы і камандзіры даведаліся толькі пасьля яе сьмерці, дадае суразмоўца.

— Гэта было цяжкавата. Мне трэба было даказваць, што я сапраўды адзіная блізкая ёй асоба. Яе бацькі ніяк не адгукнуліся. Я ведаю, што яны ведалі пра гэта (пра сьмерць Марыі. — РС). Але яны не прыехалі. Яны ня бралі ніякага ўдзелу ў пахаваньні.

Бывалі моманты, калі не ўдакладнялі, хто менавіта. Я трапіла да яе ў морг, у мяне не пыталіся, кім я даводжуся. Наш сумесны сябар з Марыяй дапамагаў мне ў гэтым, — кажа яна.

Дзяўчына адзначае, што заснавальнік Другога інтэрнацыянальнага легіёну, у якім удзельнічала Марыя, добра да яе ставіўся.

— Мы пазнаёміліся яшчэ да пахаваньня ў Кіеве. Ён адразу пачаў ставіцца да мяне вельмі добра, з усёй сур’ёзнасьцю. Я магла даведацца дэталі гібелі, пабываць у моргу. Ён уручыў мне два сьцягі (беларускі і ўкраінскі. — РС) з труны на разьвітаньні, — кажа Анна.

«Запальваю для яе цыгарэтку таксама»

Марыю пасьмяротна ўзнагародзілі мэдалём «Гонар і Годнасьць» Аб’яднанага пераходнага кабінэту Беларусі і тытулам кавалера ордэну Жалезнага Рыцара Рады БНР. Анна ня мае права атрымаць узнагароды партнэркі, бо паводле дакумэнтаў яна ня мае да Марыі дачыненьня.

Яна заўважае, што ў першыя дні ня здолела як сьлед перажываць гора і паплакаць, бо трэба было вырашаць шмат пытаньняў, зьвязаных з пахаваньнем. Дзяўчына гаворыць, што дагэтуль мае цяжкія флэшбэкі, зьвязаныя з Марыяй.

— Я даволі часта прыяжджаю ва Ўкраіну. Для мяне вельмі важна прыходзіць на могілкі. Як толькі маю магчымасьць, прыяжджаю ў Кіеў… Часта прыходжу, прыношу цыгарэты і запальваю для яе цыгарэтку таксама. Мы любілі курыць удвох. Мне важна праводзіць такія малыя рытуалы, — кажа дзяўчына.

У праскай кватэры Марыі цяпер жывуць знаёмыя Анны. Часам яна заходзіць да іх на гарбату.

— Я не раблю гэтага часта. Цяжкавата бачыць месца, знаёмае мне, зусім па-іншаму абстаўленае. Другое жыцьцё ў гэтага месца ўжо ёсьць, — дзеліцца суразмоўца.

Казацкую завушніцу, якую Анна дарыла Марыі, ёй перадалі з моргу. У яе таксама застаўся іхны альбом з сумеснымі фотаздымкамі. Асабліва каштоўная для яе падвеска Марыі, якую Аньне аддала сяброўка добраахвотніцы з мэдычнай службы.

— Я пра гэта ня ведала, але выявілася, што яна многім сваім пабрацімам і посестрам сказала, калі зь ёй нешта станецца, гэтую падвеску аддаць асабіста ў рукі мне. З таго моманту, як мне яе аддалі, я яе таксама нашу і не здымаю, — кажа Анна.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3.7(3)