Филин

Юлія Кот

Шчытцова: «Аказваюцца проста неабароненымі ад адкрытай эксплуатацыі»

Дарадца Святланы Ціханоўскай па пытаннях адукацыі і навукі Таццяна Шчытцова ў гутарцы з «Филином» — пра скарачэнне колькасці школьных настаўнікаў у Беларусі.

Амаль 90 адсоткаў з іх — жанчыны, заробак у гэтай сферы шмат гадоў запар не дацягвае да сярэдняга па краіне, а з 2020 года колькасць супрацоўнікаў няўхільна скарачаецца. Каб разгадаць рэбус, доўга думаць не давядзецца — гаворка пра беларускіх настаўнікаў, якіх у першыя выходныя кастрычніка ўлады пафасна віншуюць з прафесійным святам.

Але калі звярнуць увагу на лічбы, настрой будзе не надта святочны. Паводле аналізу Позіркам публікацый Белстата, за тры навучальныя гады — з 2020-га па 2023-і — колькасць толькі школьных настаўнікаў скарацілася амаль на 8 тысяч: са 114 да 103 тысяч чалавек.

Thinkthanks раней прыводзіў яшчэ больш непрыемныя лічбы: па выніках 5 год беларуская адукацыя (сфера цалкам, не толькі школьная) страціла больш за 31 тысячу педагогаў. Наколькі гэта адчувальныя страты?

Таццяна Шчытцова. Фота: tsikhanouskaya.org

Таццяна Шчытцова, дарадца Святланы Ціханоўскай у галіне адукацыі і навукі, прафесарка ЕГУ, зазначае ў гутарцы з Филином, што такія лічбы ўсё ж выклікаюць сумнеў:

— Я адсочваю гэту тэму, таксама кансультуюся з экспертамі, з людзьмі, якія належаць да прафесійнай педагагічнай супольнасці — і на іх думку, трэба паглядзець, хто ўваходзіць у гэтыя 8 тысяч. Бо бачыла параўнальны аналіз сітуацыі на пачатак 2023/2024 навучальнага года і на пачатак 2019/2020 — колькасць настаўнікаў на асноўным месы працы скарацілася на 2 тысячы. І гэта гаворка ідзе не пра сумяшчальнікаў, не пра педагагічных работнікаў, а менавіта пра настаўнікаў у школе. То бок, гэтая лічба мне падаецца больш адпаведнай рэальнасці.

Але нават калі гэта 2 тысячы, не 8, усё адно колькасць настаўнікаў за чатыры навучальныя гады паменшылася, гэтая тэндэнцыя ёсць.

Я ведаю, што сапраўды не хапае настаўнікаў у школах, і праз гэта ёсць шмат настаўнікаў, якія вымушаныя працаваць на паўтары і нават на дзве стаўкі — толькі аіфіцыйна гэта каля 40 гадзін у тыдзень, але ж не ўлічваюцца падрыхтоўка да ўрокаў, праверка заданняў, куча бюракратычных абсурдных абавязкаў, кшталту запаўнення паперак.

Такія ўмовы вельмі цяжкія. Але недахоп настаўнікаў, на мой погляд, перадусім звязаны з тым, што ціск на педагогаў, пераслед іх працягваецца.

Зноў-такі, з першых рук, знутры краіны я ведаю, што ў школы «спускаюць» спісы, так бы мовіць, ненадзейных настаўнікаў, патэнцыйна нелаяльных. Яны пад пільным кантролем, некаторых выклікаюць на «размовы», прымушаюць падпісваць пэўныя абавязацельствы перад уладамі і сілавымі органамі.

Канешне, многія пад гэтым пастаянным прэсінгам і самі вырашаюць сысці са школы. Частка, сапраўды, з’язджаюць з краіны — таму што адчуваюць небяспеку далей заставацца, альбо маюць спадзевы знайсці працаўладкаванне, таму што перспектыў у краіне няма, прыватныя школы ў Беларусі таксама «скарацілі».

— Што гэта значыць для школы адукацыі, для саміх вучняў — калі добрыя, кваліфікаваны настаўнікі сыходзяць, альбо застаюцца, але яны перагружаныя іскам і абавязкамі, альбо гэта проста папугаі, якія паўтараюць ідэалагічныя дактрыны?

— Канешне, гэта не можа не ўплываць, нават на агульны клімат у школе. Калі рэгулярна прыходзяць патрабаванні ідэалагічнага кшталту, калі ідзе іск і пераслед педагогаў, і калі да гэтага далучаецца яшчэ падвышаная бюракратычная нагрузка — усё гэта вядзе да перагрузкі настаўнікаў.

Я вельмі ім  спачуваю, насамрэч. Таму што, з аднаго боку, шмат для каго педагогіка — гэта місія, пакліканне, імкненне выкладаць, размаўляць з навучэнцамі, крэатывіць — але аб’ектыўныя, сістэмныя ўмовы гэтаму наўпрост перашкаджаюць.

Думаю, што маральны, псіхалагічны стан нашых настаўніц (а мы ведаем, што ў школе пераважна гэта жанчыны) вельмі цяжкі, бо атмасферу складана назваць здаровай.

Ад аднаго з экспертаў у галіне адукацыі, які з’ехаў з краіны, ведаю: шмат хто з настаўніц ужывае антыдэпрэсанты, заспакаяльныя прэпараты, каб сябе падтрымліваць — гэта адчайнае становішча.

Нават калі адкінуць палітыку, дадае Таццяна Шчытцова, у працы школьных настаўнікаў ёсць кагнітыўны дысананс іншага кшталту — бо адны патрабаванні паступаюць ад Міністэрства адукацыі, а іншыя, і нярэдка супярэчлівыя — ад уладаў ніжэйшага ўзроўню.

— Хачу спаслацца тут на экспертызу больш дасведчаных людзей: Ігар Варакса, Сяргей Альшэўскі звярталі ўвагу, што да рэгламентацыйных патрабаванняў з боку міністэрства дадаюцца лакальныя патрабаванні.

Часта ўпраўленні вылучаюць патрабаванні абсурдныя, неабгрунтаваныя, або тыя, што не адпавядаюць прафесійным задачам настаўніка — але яны ўсё ж бліжэй да школы, таму ціснуць мацней. А міністэрства на звароты адказвае, што гэта «на вырашэнне адміністрацыі школы» — ды ж мы ведаем, што тая, на жаль, не мае аніякай свабоды ў рашэннях. У гэтай сітуацыі нашы настаўнікі аказваюцца проста неабароненымі ад адкрытай эксплуатацыі.

У дарожнай мапе, якую распрацавала група экспертаў датычна будучай рэформы сярэдняй адукацыі ў Беларусі (а такая рэформа мусіць быць абавязкова), гэтая праблема таксама абазначана — і на думку экспертаў, гэта павінен быць адзін з першых крокаў.

Да Дня настаўніка лічу таксама важным зазначыць, што нягледзячы на ціск і рэпрэсіі, перагрузку, усё ж такі нашы настаўнікі і настаўніцы — прынамсі шмат хто з іх, і гэта таксама інфармацыя знутры краіны — не апускаюць рукі, знаходзяць магчымасць камунікаваць з дзецьмі, выхоўваць, даваць ім добрыя веды. Яны вельмі годна працуюць, нават у сённяшніх умовах, за што ім вялікая ўдзячнасць.