Споўнілася два гады зьняволеньня лідэраў незалежных прафсаюзаў. Што вядома пра іх здароўе
19 красавіка споўнілася два гады, як у Менску паводле «прафсаюзнай справы» былі затрыманыя актывісты незалежнага прафсаюзу РЭП Генадзь Фядыніч, Аляксандар Берасьнеў і Вацлаў Арэшка.
Свабода зьвязалася са сваячкай Вацлава Арэшкі, якая цяпер жыве за мяжой. Жанчына згадала пра падзеі двухгадовай даўнасьці і расказала пра стан здароўя Вацлава Арэшкі, які адбывае пакараньне ў «Воўчых норах».
Паводле сваячкі Вацлава Арэшкі, ягоная асноўная праблема са здароўем — дрэнны зрок на абодва вокі:
– Бачыць усяго на 5% ад нармальнага, і зрок пагаршаецца. Увогуле здароўе ў параўнаньні з тым, што было ў СІЗА, усё горшае. Дадаліся новыя хваробы, але я не хацела б пра іх расказваць, бо ён ня хоча.
Адзіны плюс, што там добрае лясное паветра. Гэтак і піша, што дыхаць можа нармальна. На працу ён ня ходзіць, бо пэнсіянэр. Большасьць часу знаходзіцца ў атрадзе. На харчаваньне не наракае, на мэдычную дапамогу таксама. Мяркую, у папярэдняй калёніі трапляў у ШЫЗА, тут, здаецца, такога няма. Сувязь зь ім ёсьць. Ведаем, што вельмі сумуе па доме, па сваяках, просіць дасылаць болей здымкаў з нашага жыцьця.
Вацлаву Арэшку 69 гадоў. Актывіст асуджаны на 8 гадоў зьняволеньня, праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.
На розныя хваробы ў зьняволеньні пакутуюць і іншыя лідэры прафсаюзу РЭП. 66-гадовы Генадзь Фядыніч хворы на дыябэт і мае праблемы з сэрцам.
Васіль Берасьнеў, якому 73 гады, пакутуе ад боляў у адзінай нырцы, другую яму выдалілі яшчэ да зьняволеньня.
Читайте еще
Избранное