Филин

Ірына Марозава

Стрыжак: «Любая праява актыўнасці беларусаў, альтэрнатыўная цяперашняй ідэалогіі, можа стаць «крымінальнай»

Праваабаронца — пра тое, як ва ўладаў не атрымліваецца задушыць салідарнасць беларусаў.

У апошнія тыдні ў беларускія IT-кампаніі прыходзяць лісты з КДБ са спісамі супрацоўнікаў, якія рабілі данаты ў фонды салідарнасці і ўзаемадапамогі ў 2020-2021 гадах. І хоць на той час улады яшчэ не прызналі гэтыя валанцёрскія аб’яднанні «экстрэмісцкімі», практыка надання законам зваротнай сілы ў краіне прымяняецца не ўпершыню.

За «фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці» прадугледжаныя крымінальная адказнасць і зняволенне. Аднак у дадзеным выпадку гаворка ідзе не пра масавыя пасадкі і далейшы адток кадраў са сферы, якую і без таго ліхаманіць некалькі год, а пра пералік у дзесяціразовым памеры на ўказаныя рахункі, тады, маўляў, крымінальны пераслед не будзе распачаты.

Стваральнікі фондаў узаемадапамогі выключаюць верагоднасць уцечкі са сваіх баз даных, аднак падкрэсліваюць, што ў зоне рызыкі знаходзяцца ўсе тыя, хто рабіў пераводы з картак беларускіх альбо расійскіх банкаў, у тым ліку праз сацсеткі, а таксама тыя, хто данаціў з-за мяжы, а цяпер вырашыў з нейких прычын наведаць Беларусь.

Пра тое, ці варта верыць ва ўсемагутнасць уладаў і сілавых структур, як адбіваецца практыка застрашванняў на зборах узаемадапамогі і чаму беларуская супольнасць не спыняецца, Филин пагутарыў з праваабаронцам Андрэем Стрыжаком, заснавальнікам фондаў дапамогі беларусам і ўкраінцам.

Андрэй Стрыжак

— На вашу думку, наколькі важны ў гэтай гісторыі фінансавы складнік — ці прырода «зачысткі» перадусім ідэалагічная?

— Думаю, што пераследуюць абедзве мэты. Як бачна, хіба што адзінай крыніцай папаўнення фінансавага балансу сённяшніх беларускіх уладаў па-ранейшаму з’яўляецца ІТ-сектар, бо ўсё-ткі там людзі зарабляюць, і зарабляюць не на ўнутраным рынку, маюць валюту і ўсё астатняе. Як трапна напісаў мне ў каментарах Аляксандр Апейкін, адбываецца такая сучасная версія «харчразвёрсткі».

Калі казаць пра ідэалагічны складнік — ён таксама спрацоўвае.

Мы не ведаем, колькі там рэальна ў спісах КДБ імёнаў, тысячы гэта ці сотні чалавек. Мы не ведаем да канца, ці гэтыя людзі данацілі ў наш фонд. Паводле той інфармацыі, што я цяпер маю, сілавікі прыйшлі па ідэнтыфікатары, які проста паказвае, што чалавек нешта данаціў на Фэйсбуку. А ці на коцікаў-сабачак, ці на супрацьракавыя праграмы, ці падтрымку бяздомных, альбо, можа быць, і ў фонды дапамогі беларусам і ўкраінцам — няма канчатковай упэўненасці.

Думаю, гэта і ёсць адна з прычынаў, што людзей выклікаюць на «размовы», а ўжо там будуць дапытваць, куды ж яны ўсё-ткі данацілі.

Некаторыя беларусы мяркуюць, што за цяперашнім ціскам на айцішнікаў стаіць спроба сутыкнуць ілбамі людзей, якія выступаюць за перамены, пасеяць сумневы ў бяспецы, справакаваць «наезды»: а што, маўляў, не ведалі і не бачылі, што так будзе?

— Як і ў гісторыі з кнігай пра пратэсты, з фота- і відэаматэрыялпмі журналістаў, з публікацыямі, якія людзі самі змяшчалі ў Facebook, Instagram і іншых сацыяльных сетках — па стане на 2020 год не было разумення, што ўсё можа зацягнуцца настолькі, і што пераслед і маштаб рэпрэсій будзе менавіта такім, — нагадвае Андрэй Стрыжак.

У нас была ўпэўненасць, што мы робім усё слушна, выходзячы на вуліцы, падтрымліваючы палітзняволеных альбо бастуючых працоўных. Усё гэта было абсалютна натуральным станам.

Тое, што зараз улада гэта крыміналізавала, прычым заднім чыслом, што ўвогуле недапушчальна з пункту гледжання логікі заканадаўства, не нашая віна і не нашая правіна. Трэба разумець, што гэта супрацьпраўныя дзеянні сённяшняй беларускай улады.

Уявім, што сёння мы пішам посты па-беларуску, выкладваем беларускія песні — а заўтра бахне Лукашэнку нешта ў галаву, каб прызнаць гэта таксама па-за законам. То што, нам адмаўляцца ад мовы?..

Наогул, любая праява актыўнасці беларусаў, альтэрнатыўная цяперашняй ідэалогіі, можа стаць «крымінальнай», зазначае праваабаронца. Ён прыводзіць у якасці прыкладу абвінавачанні, якія прад’яўленыя Паўлу Белавусу:

— «Под видом культурно-исторического развития в различных общедоступных социальных сетях и на сайтах он распространял идеи белорусского национализма, целью которых являлась смена государственной власти в Беларуси». То-бок, прыраўналі да здрады дзяржаве  тое, што ён прасоўваў беларускую мову і культуру! А хацець змяніць уладу ў краіне — у прынцыпе нармальна, гэта не з’яўляецца крымінальным злачынствам. Але вось першы званочак, які можа стаць моцным звонам.

— Чым, на ваш погляд, скончыцца цяперашняя сітуацыя — адток спецыялістаў з IT-сферы яшчэ больш паскорыцца ці знойдуцца тыя, хто вырашыць «адкупіцца» ад пераследу, як раней было з некаторымі бізнесменамі?

— Зараз мы бачым павелічэнне колькасці выездаў. Я ведаю, што стратэгія шмат якіх кампаній, якія яшчэ засталіся ў Беларусі, сваім супрацоўнікам раіць тое самае, што і я раю: у выпадку, калі ты знаходзішся ў зоне рызыкі і небяспекі — пакінуць тэрыторыю краіны. Мяркую, частка людзей паследуе гэтым заклікам.

Што да тых, хто пагодзіцца «адкупіцца» — для іх хацеў бы нагадаць, што ў гісторыі не бывае цудаў. І калі нейкая дыктатура пачынае паводзіць сябе як дыктатура, то будзе гэта рабіць да канца. У выпадку з вымантачваннем фінансаў — спачатку забяруць усё, што змогуць, а потым ужо і свабоду і нават, цалкам магчыма, жыццё.

Таму не павінна быць ілюзій. Увесь той асяродак людзей, які можа зарабляць нармальныя грошы сваімі мазгамі — ён жа абсалютна ненатуральны для беларускай улады. Можна паглядзець хаця б, як ГУБАЗаўцы афармляюць «пакаянныя запісы» з удзелам айцішнікаў — заўсёды пытаюць, «колькі ты зарабляў і што ж табе не жылося».  Гэта такая, калі можна сказаць, класавая нянавісць, неабальшавісцкая.

Андрэй Стрыжак распавёў таксама, як змянілася з 2020 года актыўнасць беларусаў, якія робяць пералікі ў фонды дапамогі:

— Шмат хто проста «забіў», вырашыў, што Лукашэнка — назаўсёды, таму трэба не марнаваць час і займацца сваімі справамі. Але я бачу таксама і фармаванне і ўзмацненне такога ядра, якое гатовае працягваць дапамогу. І вельмі ўсцешвае, што тыя людзі, якія ў свой час самі атрымалі дапамогу ад фонду, цяпер нібыта працягваюць гэты ланцужок падтрымкі і «пагашаюць» сімвалічную запазычанасць.

Канешне, ніхто не кажа, што чалавек, які атрымаў дапамогу з фонду, нешта павінен. Проста большасць з іх разумеюць: як толькі стаў на ногі, пачаў працаваць у той жа Польшчы, Нямеччыне ці недзе яшчэ, то я павінен падтрымаць тых, каму проста зараз складана.

Наколькі паспяховымі аказваюцца захады ўладаў па «ачарненні» пэўных структур і расколу беларускай грамадзянскай супольнасці?

— Калі мы гаворым пра інфільтрацыю агентуры, то гэта, канешне, можа прынесці вялікія праблемы арганізацыі, — гаворыць праваабаронца. — А калі Следчы камітэт паспрабаваў абставіць справы такім чынам, быццам атрымаў доступ да нашага дэвайсу, які працуе на гарачай лініі, мы адразу паказалі, што гэта лухта, і шкода была меншай. Тое самае і зараз. Паслугачы рэжыму не атрымалі доступ да нашай базы даных, яны карыстаюцца тым, што ім і так было даступна, і ціснуць праз банк на тых, хто рабіў данаты.

Тым не менш, беларусы працягваюць падтрымліваць адзін аднаго — у тым ліку праз фонды.

— Я зладзіў пэўны эксперымент, бо ў святы людзі вельмі моцна выдаткоўваюць грошы, у тым ліку на нешта, што лічаць да сябе важным — і прапанаваў напрыканцы снежня закрыць некалькі збораў, не надта вялікіх, але важных для канкрэтных палітвязняў, — расказвае Андрэй Стрыжак. — І быў вельмі ўсцешаны тым, што людзі гатовыя данаціць, удзельнічаць у калядных «дзвіжухах», і гэта працягваецца. Патэнцыял, безумоўна, ёсць.

Сёлета, дарэчы, наша арганізацыя будзе развівацца ў бок больш моцнага фандрайзінгу па тых кропках, дзе мы яшчэ не працавалі (пакуль не буду спойлерыць, але гэта добры для нас вопыт), таксама мы прырастаем новымі людзьмі — дасведчанымі, вельмі імпэтнымі, якія за два гады не настолькі выгарэлі, як мы.

Так што, думаю, 2023-і будзе годам росту, і нягледзячы на моцную стомленасць ад усіх гэтых гісторый, гляджу на будучыню з аптымізмам — разумею, што пэўныя змены будуць і на ўкраінскім кірунку, і, мяркую, у Беларусі таксама, бо аператыўны тупік павінен неяк вырашыцца. Таму я ў чаканні добрых зрухаў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(22)