Суд над затрыманымі ў Віцебскай вобласці святарамі адбыўся 10 траўня дыстанцыйна. Як распавялі Katolik.life вернікі, затрыманых не прывозілі ў суд і разглядалі іх адміністрацыйную справу праз «Скайп».
Вынік суда вернікам і духавенству не паведамілі, аднак вядома, што святары застаюцца ў зняволенні – гэта значыць, што ім быў прысуджаны адміністрацыйны арышт.
Нагадаем, 8 траўня, былі затрыманыя міліцыяй айцец Анджэй Юхневіч і айцец Павел Лемех з ордэну Місіянераў Аблатаў Беззаганнай Марыі, якія служаць у дыяцэзіянальным санктуарыі ў Шуміліне.
Акрамя таго, Katolik.life распавялі пра яшчэ адно затрыманне ў Шуміліне. У той жа дзень, калі сілавікі прыехалі да святароў, толькі на некалькі гадзін раней, па месцы працы затрымалі свецкую верніцу, парафіянку касцёла ў Шуміліне.
Гэта маладая жанчына, педагог, удзельніца душпастырства моладзі Віцебскай дыяцэзіі, раней была вакалісткай музычнага гурта. Цяпер яна таксама знаходзіцца ў зняволенні ў Віцебску.