Общество

Святлана Ціханоўская: «Маё сэрца разрываецца ад думкі, што ён там адзін»

Лідарка дэмакратычных сіл – пра асабісты боль. І зварот да беларусаў.

– Роўна год назад рэжым апошні раз паказаў майго мужа. З таго моманту ні мы – яго сям’я – ні беларусы нічога не ведаем пра Сяргея, – дзеліцца Святлана Ціханоўская. – Яго бесчалавечнае зняволенне доўжыцца ўжо больш за чатыры гады.

Маё сэрца разрываецца ад думкі, што ён там адзін. Без магчымасці бачыць, як растуць нашыя дзеткі, як яны вучацца, смяюцца і пазнаюць штосьці новае. Кожны дзень без яго – гэта выпрабаванне, якое немагчыма апісаць словамі.

Месяц таму Карней і Агнія намалявалі і прынеслі са школы паштоўкі да Дня бацькі. Сяргей дагэтуль не атрымаў гэтыя падарункі, як і не атрымаў дзясяткі тысяч вашых лістоў падтрымкі. Мы пазбаўленыя ўсіх магчымасцяў сувязі з Сяргеем, лістоў не атрымліваюць нават нашыя дзеці…

Я падзяляю боль тысячаў сем’яў палітзняволеных – і разумею, што такое чакаць вестачкі ад роднага чалавека. У мяне таксама бываюць моманты, калі ў душы пануюць адчай і бяссілле.  Але вашая падтрымка не дазваляе апускаць рукі – і матывуе працягваць працу. Менавіта ў такія моманты я разумею: толькі разам – праз дапамогу адно аднаму – мы можам дамагчыся, каб усе палітвязні апынуліся на волі.

Дарагія беларусы! Кожны з нас можа прыспешыць гэты дзень: напісаць ліст ці паштоўку, зрабіць данат, выйсці на акцыю салідарнасці, падтрымаць сем’і палітзняволеных. Не бывае маленькай дапамогі: кожны ўчынак набліжае нас да дня, калі мы зможам абняць сваіх родных.