Дэмакратычная лідарка Беларусі напісала:
– Сёння Ігару Лосіку спаўняецца 32 гады. Гэты вясновы дзень ён мусіў праводзіць разам з жонкай і дачкой. Атрымліваць асалоду ад сонца з маленькай Паўлінай, жартаваць пра нешта сваё з Дашай і будаваць планы на лета.
Але рэжым пазбавіў яго гэтай магчымасці, асудзіўшы на 15 гадоў турмы – самы вялікі тэрмін для беларускага журналіста. А жонку, якая стала голасам Ігара з моманту зняволення, рэжым з помсты прысудзіў да двух гадоў за кратамі.
Дзякуючы Ігару і ягонай працы сотні тысячаў беларусаў і беларусак даведваліся праўдзівыя навіны пра тое, што адбываецца ў краіне. І як таленавіта ён іх асвятляў! Ведаеце, я веру, што насуперак таму, як старанна рэжым адразае яго ад людзей навокал, Ігар ведае: ён не адзін.
Ведае, як многім не хапае яго дасціпнага, іранічнага, але ў той жа час яснага і ўраўнаважанага погляду на свет. Ведаю напэўна: яго блізкія сябры і сёння ў складанай сітуацыі раяцца ў думках з Ігарам. Бо голас Ігара – гэта голас сумлення і прынцыповасці.
Ігар, як і мой муж Сяргей, як і Віктар Бабарыка, Максім Знак, Мікола Статкевіч, Маша Калеснікава, знаходзіцца ў рэжыме інкамунікада. Аднак у нашых з вамі сілах данесці да палітвязняў цеплыню і падтрымку.
Працягвайце пісаць лісты, працягвайце нагадваць усім навокал пра людзей за кратамі. Гэта наш спосаб паказаць ім: якімі б магутнымі ні былі турэмныя муры, беларусы нават праз іх здольныя перадаць цеплыню ды свет.