Филин

Юлія Кот

Тышкевіч: «У Мінску будуць пятляць — бо бачаць, што небяспека ўзрасла ў разы»

Украіна атрымала дазвол біць амерыканскімі ракетамі па РФ. Аналітык — пра верагодныя змены ў ходзе вайны, чым адкажа Пуцін і ці ўзрастаюць рызыкі ўцягвання Беларусі ў баявыя дзеянні.

Вашынгтон зняў абмежаванні на выкарыстанне Украінай дальнабойных ракет ATACMS па тэрыторыі РФ — пра гэта паведаміў NYT са спасылкай на свае крыніцы. 17 лістапада Le Figaro напісала, што тое самае зрабілі Францыя і Велікабрытанія, аднак потым выданне змяніла тэкст навіны, а МЗС Францыі абверг зняцце забароны.

І ўсё ж, падобна, першая ластаўка, хай і са спазненнем, праляцела — і ATACMS у глыбіню расейскай тэрыторыі, як піша Reuters, могуць прыляцець у бліжэйшыя дні. Раней Уладзімір Пуцін заяўляў, што ўдары заходняй зброяй па РФ прывядуць да эскалацыі і «вельмі сур’езных праблем», аднак насамрэч шмат «чырвоных ліній» былі перакрочаныя, а Крамлю не знайшлося чым адказаць.

Чаго чакаць цяпер? Ці зменіць атрыманы Украінай дазвол сітуацыю на фронце і ў палітычным раскладзе, і ці падвышаецца на гэтым тле рызыка непасрэднага ўдзелу Беларусі ў вайне?

Гэтыя пытанні Филин абмеркаваў з аналітыкам Украінскага інстытуту будучыні Ігарам Тышкевічам.

— З дазволам выкарыстоўваць заходнія ракеты для нанясення ўдараў па тэрыторыі РФ Украіна атрымлівае тое, што, у прынцыпе, хацела атрымаць раней, — канстатуе аналітык. — Бо дасюль расейскія войскі маглі бесперашкодна канцэнтраваць асабовы склад і тэхніку на сваёй тэрыторыі, каб потым здзейсніць атаку на Украіну.

Тыповы прыклад: сёлетняя атака Харкаўскай вобласці, дзе яны зайшлі ад мяжы і занялі пэўную частку рэгіёна, а Украіна фактычна не мела сродкаў, каб знішчыць тую групоўку альбо прынамсі нанесці ёй значную шкоду.

Гаворачы пра ўдалыя атакі Украіны па расейскай тэрыторыі, Ігар Тышкевіч зазначае, што перадусім гэта пытанне сродкаў:

— Калі беспілотнікі далёкага радыусу дзеяння могуць пашкодзіць стацыянарны вялікі аб’ект, то вельмі цяжка «ганяцца» з імі за групоўкай войск, тым больш з бронетэхнікай. Ракеты ж змяняюць гэтую сітуацыю (каб паглядзець, як гэта можа быць, варта згадаць так званыя «праклятыя палігоны» ў Луганскай і Данецкай абласцях, куды рэгулярна прылятаюць менавіта ракеты, і наносяць сапраўды вялікую шкоду).

Другі момант, на які зважае аналітык, — ракеты даюць магчымасць атакаваць аэрадромы, бо дасюль РФ мае перавагу ў паветры, а ўдары кіраванымі авіябомбамі — па Сумах, Харкаве, Адэсе і іншых гарадах — гэта вялікія разбурэнні і чалавечыя ахвяры. Цяпер жа Украіна зможа біць па месцах, у якіх базуецца тактычная расейская авіяцыя, і гэта таксама фактар, здольны змяніць баланс сіл.

Дый у палітычным сэнсе тое, што Украіна зможа адказваць на ракетныя атакі тым самым, гэта гульня ў два бакі, заўважае Ігар Тышкевіч, і Крэмль вымушаны будзе ўлічваць магчымасць атакі на пэўныя свае аб’екты.

— Натуральна, яны паспрабуюць інтэнсіфікаваць абстрэлы, каб не дапусціць актыўнага выкарыстання ракет Украінай, прадэманстраваць, што гатовыя да эскалацыі — але пытанне ў тым, чым і як будзе адказваць Украіна.

«Чым» — вельмі важны чыннік, таксама важнае пытанне колькасці. Бо калі гаворка не толькі пра амерыканскія, але і пра еўрапейскія ракеты (Taurus, Storm Shadow, Scalp), то яны запускаюцца з самалётаў, а не наземных установак. І калі такі дазвол будзе дадзены, а колькасць самалётаў F-16 забяспечыць магчымасць масіраваных удараў — так, гэта дасць Украіне значную палёгку на фронце.

Гэта датычыцца і Курскай вобласці, і непасрэднай пагрозы так званаму Крымскаму масту.

Нядаўна Зяленскі заявіў, што Украіна вырабіла ўжо больш за сотню сваіх ракет далёкага радыусу дзеяння. Пры гэтым Storm Shadow і Scalp, атрыманыя раней, выкарыстоўваліся даволі ашчадна — можна дапусціць, што колькасць назапашаных ракет вымяраецца трохзначнай лічбай.

Колькі перадавалі ATACMS, невядома, інфармацыі ў публічнай прасторы аб гэтым не было. Аднак калі Украіна мае сумарны запас у паўтысячы ракет — гэта можа мець эфект, у тым ліку на лініі фронту.

— Чым можа на гэта адказаць Пуцін — наколькі верагодна, што Крэмль вырашыць стварыць напружанне на беларускім напрамку?

— Станам на сёння не думаю, што гэта аператыўна магчыма. Беларуская армія да гэтага не гатовая, таму для атакі спатрэбіцца ўвесці на тэрыторыю Беларусі нейкую вайсковую групоўку.

Але, па-першае, зрабіць гэта незаўважна не атрымаецца.

Каб дасягнуць пэўных ваенных мэтаў, трэба ўвесці <у Беларусь> групоўку ад 50 тысяч чалавек і вышэй. Гэта не адзін дзень, фактару нечаканасці ўжо не будзе.

Да таго ж, у адрозненне ад 2022 года, на беларуска-украінскай мяжы ёсць, чым адказаць. Хуткі праход у накірунку Кіева ці ўздоўж мяжы наўрад ці атрымаецца, у адказ жа можна атрымаць вельмі і вельмі балюча.

А па-другое — на сёння ёсць дазвол на выкарыстанне гэтых ракет па тэрыторыі РФ, а Рэспубліка Беларусь фармальна ўсё ж захоўвае незалежнасць. Але ў выпадку атакі з тэрыторыі Беларусі не думаю, што будзе пытаннем доўгага часу атрымаць такі ж самы дазвол на знішчэнне вайсковых аб’ектаў, што выкарыстоўваюцца расійскай арміяй на тэрыторыі Беларусі.

У Мінску гэта таксама цудоўна разумеюць. Таму, я думаю, будуць пятляць — бо бачаць, што небяспека ўзрасла ў разы.

— Фактычна, дазволам выкарыстоўваць амерыканскую зброю Джо Байдэн перадае адміністрацыі Трампа, якой бы яна ні была, пэўную лінію паводзінаў. Чаго чакаць далей?

— Байдэн дазваляе падняць стаўкі. Такім чынам, прынамсі да моманту інаўгурацыі Трампа, ён робіць менш верагодным сцэнар, калі і ЗША, і еўрапейскія краіны з нейкіх сваіх меркаванняў будуць прымушаць Украіну ўступіць у перамовы з Расійскай Федэрацыяй і пайсці на саступкі.

Чаго чакаць далей, залежыць ад таго, як Украіна выкарыстае гэта ўзбраенне. Трамп дастаткова рацыянальны, і калі будзе прадэманстраваная эфектыўнасць прымянення амерыканскіх ракет — нават у пытаннях кансультацый аб прыпыненні агню гэта істотна ўзмацняе пазіцыю Украіны.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.6(30)