Разам з тым, ні ў якім разе нельга казаць, што Пуцін усіх абхітрыў. У маім разуменні, ён наадварот зрабіў фатальную памылку, якая, хутчэй за ўсё, з часам прывядзе да сур’ёзных унутраных праблем, да выбуху ў РФ.
«У наступныя гады беларусы будуць зарабляць на рубель больш, але іх адставанне па даходах ад еўрапейцаў будзе толькі павялічвацца»
Дарадца Святланы Ціханоўскай па эканамічных рэформах і віцэ-прэзідэнт Асацыяцыі беларускага бізнесу за мяжой (ABBA) Алесь Аляхновіч у інтэрв'ю «Салідарнасці» – пра змрочныя перспектывы, якія чакаюць эканоміку Беларусі без палітычных зменаў.
– Пасля пачатку паўнамаштабнай вайны многія лічылі – беларускую і расійскую экономікі чакае грандыёзны спад. Але гэтага не адбылося. У чым вы бачыце асноўныя прычыны? Пуцін аказаўся хітрэйшым за кіраўнікоў заходніх краін?
– Так, прагнозы большасці эканамістаў заключаліся ў тым, што вайна і санкцыі паўплываюць на беларускую і расійскую эканомікі хутчэй і мацней, чым гэта адбылося на практыцы.
Чаму эканамісты памыліліся? Хаця б таму, што вайна такога маштабу і такога характару (захопніцкага) у Еўропе здарылася ўпершыню з 1945 года. Сучасныя эканамісты падобнай падзеі на еўрапейскім кантыненце дагэтуль не аналізавалі.
У тым ліку гэтым можна патлумачыць, чаму эксперты недаацанілі і назапашаныя рэзервы расійскіх уладаў, і іх магчымасці па абыходу санкцый. А таксама пераацанілі магчымасці заходніх краін праводзіць эфектыўную санкцыйную палітыку.
На маю думку, яго можна будзе параўнаць з падзеямі 1917 і 1991 гадоў.
Ад самага пачатку паўнамаштабнага ўварвання расійскіх войскаў ва Украіну ўсё ідзе зусім не так, як планавалася Крамлём. Не было ў яго планах страціць $300 мільярдаў у выглядзе замарожаных на Захадзе залатавалютных рэзерваў. Не было ў планах атрымаць сектаральныя эканамічныя санкцыі (а быў спадзеў на хуткую перамогу ў вайне, пры якой заходні свет не паспеў бы адрэагаваць эканамічнымі абмежаваннямі, як гэта было ў 2014 годзе).
Не было планаў страціць амаль усіх інвестараў з дэмакратычных краін і доступ да сучасных тэхналогій. Не было ў планах страціць у баявых дзеяннях больш за 600 тысяч чалавек (на дадзены момант), якія альбо ляжаць у зямлі, альбо засталіся калекамі.
Не было планаў згубіць каля мільёна чалавек, якія з’ехалі з Расіі ў эміграцыю з-за нязгоды з нападам на Украіну ці з-за страху перад мабілізацыяй. А гэта ўсё працаздольнае насельніцтва, страта якога стварае дэмаграфічную яму.
Усе гэтыя страты – чалавечыя, эканамічныя і палітычныя – будуць мець для Расіі доўгатэрміновыя негатыўныя наступствы.
– І ўсё ж, чаму можна казаць пра некую стабільнасць у расійскай эканоміцы, дзякуючы чаму не падае і беларуская?
– Па-першае, як я ўжо сказаў, санкцыйная палітыка заходніх краін аказалася не самай эфектыўнай. Многія абмежаванні былі спозненымі і не самымі жорсткімі. У тым ліку па гэтай прычыне ў 2022 годзе Расія атрымала рэкордныя ў сваёй гісторыі даходы ад экспарту вуглевадародаў (нафта, нафтапрадукты і газ), дзякуючы чаму даходы расійскага бюджета працягвалі расці, а залатавалютныя рэзервы папаўняцца.
Па-другое, рост коштаў на энерганосьбіты ў свеце з-за вайны, але таксама па іншых прычынах (незалежных ад падзеяў у нашым рэгіёне), дапамагалі Расіі мінімізаваць негатыўныя наступствы вайны.
Па-трэцяе, у Расіі ўсё ж засталіся хаўруснікі, якія адначасова і дапамагаюць ёй, і карыстаюцца геапалітычным канфліктам. Маю на ўвазе, перш за ўсё, Кітай, Індыю і Турцыю, хаця ёсць і іншыя гульцы, якія так ці інакш зарабляюць на ваенным канфлікце.
Кітай і Індыя цяпер набываюць расійскія энерганосьбіты по коштах, ніжэйшых за рыначныя. Для Расіі плюс у тым, што яна знайшла, як зарабляць далей пасля страты пакупнікоў на Захадзе.
Па-чацвёртае, сказаўся фактар назапашаных у Расіі рэзерваў, у тым ліку павялічаны фонд нацыянальнага дабрабыту і золатавалютныя рэзервы, вельмі нізкі ўзровень дзяржаўнага доўгу і прафіцыт бюджэту напярэдадні паўнамаштабнай вайны. Пуцін рыхтаваўся да вайны і зрабіў пэўны запас для эканомікі.
Як мінімум гэтыя чатыры прычыны дазволілі расійскай эканоміцы пасля пачатку вайны быць больш гібкай і падрыхтаванай да выклікаў. Таму пакуль трымаецца і беларуская, якая стала яшчэ больш залежнай ад яе.
– За восем месяцаў гэтага года беларуская эканоміка вырасла на 4,9%. Што можа адбывацца з ёю далей?
– Зараз у моманце выглядае так, што сітуацыя ў эканоміцы Беларусі не самая дрэнная. Улады і прапаганда могуць казаць не толькі пра рост ВУП, але і пра рост заробкаў, стабільнасць курсу беларускага рубля, адносна нізкую інфляцыю.
Аднак ёсць паказчыкі, якія малююць зусім іншую карціну. Сярод іх – вялікая міграцыя. Па маіх ацэнках, з Беларусі за апошнія гады з’ехала прыкладна паўмільёна чалавек. Большая частка з іх – працаздольныя людзі, які маглі зарабляць і весці бізнэс у Беларусі, адлічваць грошы ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. Калі ў Беларусі хуткім часам не адбудуцца палітычныя перамены, гэта страта амаль што незваротная для краіны.
Як і ў Расіі, у Беларусі праблемы з доступам да сучасных тэхналогій, з краіны сышлі заходнія інвестары.
Так, цяпер здаецца, што ўлады захоўваюць кантроль над эканамічнымі працэсамі. Але так часта здараецца, што ў моманце людзі не заўважаюць тэктанічных зменаў, якія хутка набліжаюцца. Мы не ведаем, якая наступная падаючая сняжынка выкліча лавіну ў беларускай эканоміцы.
Як нядаўна трапна заўважыў міністр замежных справаў Польшчы Радаслаў Сікорскі, рэжымы падаюцца найбольш стабільнымі перад сваім падзеннем.
Мне здаецца, сведчаннем таго, што насамрэч не ўсё так добра ў беларускай эканоміцы, з’яўляецца вызваленне палітвязняў. Ідзе заклік да гандлю. Лукашэнка і ўлады маюць разуменне, наколькі крытычным і небяспечным з’яўляецца эканамічная залежнасць ад аднаго партнёра.
– Як на сёння вы ацэньваеце патэнцыял беларускай эканомікі?
– З 2012-га па 2019 год беларуская эканоміка ў сярэднім расла на меньш чым 1% штогод. То бок у 3-4 разы марудней, чым сусветная эканоміка, і ў 4-5 разоў марудней, чым нашыя суседзі (Польшча, Літва, Латвія). Мы ўжо тады значна адставалі.
А пасля ўнутрыпалітычнага крызісу, увядзення санкцый, ад’езду сотняў тысяч чалавек патэнцыял беларускай эканомікі скараціўся яшчэ больш.
У наступныя гады я бачу рост беларускага ВУП на ўзроўні ўсяго 0,5-1% штогод.
Паколькі з расійскага рынку сышлі замежныя інвестары і кампаніі, для беларускіх тавараў вызваліліся некаторыя нішы, да таго ж ва ўмовах вайны беларускія прадпрыемствы працуюць на расійскі ВПК. Але ўсё гэта часовая з’ява: беларускія тавары з часам заменяць кітайскія.
Таму калі ў Беларусі палітычна нічога не зменіцца, то яе эканоміка будзе ўсё больш і больш адставаць ад астатняга свету і тым больш ад краінаў-суседзяў. Для маладых беларусаў будзе яшчэ больш стымулаў з‘язджаць з краіны.
Па ўзроўню заробкаў (у даляравым эквіваленце) Беларусь ужо стала самай беднай краінай у Еўропе. Ва ўсіх дзяржавах, акрамя ваюючай Украіны, ужо зарабляюць больш. Нават у Малдове, якая доўгі час была самай беднай краінай у Еўропе, сярэдні заробак за 2023 год аказаўся вышэйшым, чым у Беларусі ($680 у Малдове ў параўнанні да $638 у Беларусі – С.).
У наступныя гады беларусы будуць зарабляць на рубель ці капейку больш, чым сёння, але іх адставанне па даходах ад жыхароў астатніх еўрапейскіх краін будзе толькі павялічвацца.
Безумоўна гэта даволі змрочная перспектыва, якая абвастрыць галоўныя праблемы, у прыватнасці, дэмаграфічную (то бок старэння і скарачэння насельніцтва ў Беларусі).
Працяг інтэрв'ю чытайце на нашым сайце ў бліжэйшы час.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное