У Варшаве ўручылі адроджаную прэмію «За свабоду думкі» імя Васіля Быкава
Яе атрымаў калектыў Naviband.
У Беларускім доме ў Варшаве 3 кастрычніка адбылася цырымонія ўручэння прэміі «За свабоду думкі» імя Васіля Быкава.
Гэтая ўзнагарода была заснаваная ў 2008 годзе, яе ініцыятарам выступіў рух «За свабоду» на чале з Аляксандрам Мілінкевічам — каб адзначыць тых творчых асоб і грамадскіх актывістаў, хто сваёй дзейнасцю і прыкладам спрыяе «стварэнню незалежнай беларускай супольнасці і вяртанню Беларусі ў еўрапейскую сям’ю».
У журы прэміі ўваходзілі вядомыя прадстаўнікі нацыянальнай беларускай эліты, а лаўрэатамі яе ў розныя гады былі народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч, паэт Рыгор Барадулін, празаікі Уладзімір Арлоў і Уладзімір Някляеў, мастак Алесь Пушкін, палітык і літаратар Павел Севярынец, прадпрымальнік і актывіст Зміцер Дашкевіч, музыкі Лявон Вольскі і Зміер Вайцюшкевіч, краязнаўцы Ада Райчонак, Алесь Белакоз, рэжысёр Валер Мазынскі і іншыя.
Прычым першых уладальнікаў узнагароды абіралі шляхам апытання, а ўсіх наступных вызначалі ўжо самі лаўрэаты. Узнагарода доўгі час уручалася на радзіме Васіля Быкава, у вёсцы Бычкі.
Пасля вымушанага перапынку прэмію вырашылі адрадзіць. Сёлетнімі яе лаўрэатамі стаў гурт Naviband — прызавую статуэтку і першыя віншаванні музыкі Арцём Лук’яненка і Ксенія Жук атрымалі ад лідаркі дэмакратычных сіл Беларусі Святланы Ціханоўскай.
— У пэўны момант менавіта вашыя творы дапамаглі мне зразумець і прыйсці да беларускасці, — зазначыла яна ў сваёй прамове. — Вашыя песні натхнялі беларусаў любіць і шанаваць нашу мову і радзіму яшчэ да падзей 2020 года. А цяпер, у гэты складаны час, вашыя творы дапамагаюць нам не толькі верыць у лепшую будучыню, але і захоўваць сваю нацыянальную ідэнтычнасць. І, як казаў Васіль Быкаў: «Я веру, што Беларусь жыве і будзе жыць. Зробім жа ўсё дзеля гэтага».
Нагадаем, гурт Naviband быў створаны ў Мінску крыху больш чым 10 год таму, калектыў рэгулярна станавіўся пераможам музычных нацыянальных конкурсаў у розных намінацыях, а ў 2017 годзе прадстаўляў Беларусь нашу краіну на міжнародным конкурсе «Еўрабачанне» — і стаў першым гуртом, які выступаў на гэтым шоу па-беларуску і пры тым трапіў у фінал.
Улетку 2020 года гурт запісаў песню «Іншымі», прысвечаную пратэстам у Беларусі, і асудзіў гвалт з боку сілавікоў, а таксама шмат выступаў на дваравых канцэртаў і ўдзельнічаў у маршах.
Восенню 2020-га музыканты эмігравалі ў Польшчу, дзе працягваюць музычную дзейнасць. Так, сёлета Ксенія і Арцём запісалі і выпусцілі ўжо чатыры песні — Сокал», Арыён», «Прабач», «Мама» (апошнюю таксама па-украінску) , а ўжо гэтай восенню абяцае прадставіць новы альбом.
Дарэчы
Прэмія імя Васіля Быкава зноў стане штогадовай. Аб гэтым у інтэрв’ю Позірку распавёў яе стваральнік, пазаштатны дарадца Святланы Ціханоўскай і канцлер «Вольнага беларускага ўніверсітэта» Аляксандр Мілінкевіч.
— Беларусы ўвесь час кажуць: нам трэба адраджацца, адраджаць культуру, мову, гісторыю. А мы адраджаем нібы сціплую прэмію, але яна настолькі сімвалічная, што, я лічу, будзе жыць і тады, калі нас не будзе, — зазначыў ён на ўрачыстай цырымоніі. — Вядома, калі мы адзін раз адрадзілі, і больш не правядзем, сорам будзе. Будзем лепш рыхтавацца.
Галоўнай складанасцю сёння спадар Мілінкевіч назваў немагчымасць публічна прысуджаць узнагароду людзям, хто знаходзіцца ў Беларусі — але выказаў спадзеў, што змрочны перыяд «хутка скончыцца».
Читайте еще
Избранное