Общество

«Я павінен пазваніць нашаму куратару». Як завозілі мігрантаў у Беларусь — цікавыя дэталі з перахопленых тэлефонных размоў

Выданне Politico апублікавала перахопленыя тэлефонныя званкі, у якіх сілавікі і турфірмы абмяркоўваюць, як быць з мігрантамі і якія даручэнні па іх паступалі. Наша ніва пераказвае гэты матэрыял.

Мігранты на мяжы Беларусі і ЕС у 2021-м

У матэрыяле журналісткі Таццяны Ашуркевіч, апублікаваным у выданні Politico, прыведзены некалькі тэлефонных размоў і дакументаў, якія раскрываюць некаторыя моманты арганізацыі на беларускай мяжы крызісу з мігрантамі 2021 года.

Асабістая каманда міністра

У маі 2021 года Лукашэнка заявіў, што спыніць спробы стрымліваць паток наркотыкаў і мігрантаў праз мяжу з ЕС.

Запіс размовы, якая адбылася ў тым жа месяцы паміж намеснікам начальніка крымінальнага вышуку Мінскай вобласці Ігарам Качалавым і намеснікам начальніка Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС Міхаілам Бедункевічам, сведчыць аб тым, што словы не разышліся са справаю.

Намеснік начальніка ГУБАЗіКа Міхаіл Бедункевіч. Скрыншот сюжэта СТБ

Качалаў: Міхаіл Пятровіч, званю вам па такой справе, можа, вас зацікавіць. У нас у Лагойск прыехалі з Афрыкі футбалісты. Ну, там футболу навучацца. І ў выніку два футбалісты «свінцілі» ўчора.

Бедункевіч: Куды?

Качалаў: У невядомым напрамку. Пачынаем разбірацца. Аказваецца, у Брэсце, у Маларыцкім раёне такая сітуацыя была 5 чысла гэтага месяца.

Бедункевіч: Ну, я зразумеў тэму. Глядзіце: асабіста была каманда міністрам пастаўлена. Не займацца міграцыяй, якая ідзе транзітам у Еўропу. Прапалі, ну, прапалі. Слава Богу. Толькі б яны не тут легалізаваліся. Усё, што туды … Не перашкаджаць. Я ведаю гэту тэму. Нам «на паўзу» сказалі. А так, дзякуй за інфармацыю.

Змена схемы

У пачатку запрашэнні ў Беларусь мігрантам выдаваў «Цэнтркурорт», які ўваходзіць у структуру ўпраўлення справамі Лукашэнкі.

Аднак схема працавала нядоўга. У СМІ з'явілася інфармацыя аб вялікай колькасці замежнікаў на вуліцах, у кафэ і гандлёвых цэнтрах, і іх прыбыццё звязвалі з «Цэнтркурортам».

У выніку давялося хутка змяняць схему. Да справы далучылі прыватнікаў. Замест «Цэнтркурорта» хадайніцтвы аб выдачы візы стала падаваць кампанія «Аскартур». Яе дырэктарам быў былы супрацоўнік упраўлення МУС па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі Дзмітрый Корабаў.

У адной з размоў ён даводзіць:

«Было шмат навін аб тым, што «Цэнтркурорт» возіць нелегалаў. І яны сказалі, што ім паступіла ўказанне зверху гэтую працу спыніць. Улічваючы, што яны нам гэта сказалі толькі ўчора, мы там перароблівалі хадайніцтвы».

POLITICO публікуе размову, якая адбылася 15 чэрвеня 2021 года паміж намеснікам дырэктара «Цэнтркурорта» Аляксеем Стрэльчанкам і ўжо згаданым вышэй Дзмітрыем Корабавым з «Аскартур».

Стральчанка, здаецца, устрывожаны. Заходнія СМІ, кажа ён, б'юць трывогу з-за мігрантаў, якія ўцяклі, і яму трэба даць справаздачу перад заснавальнікамі.

«Вы тут сочыце ў інтэрнэце. Так тут у некаторых заходніх сродках інфармацыі паднялася валтузня. (…) Зразумела, зацікавіліся нашы заснавальнікі. І вось мяне выклікаюць. Нейкую інфармацыю [даць]. (…)

Як раней было. Рэакцыя была, калі нехта не вылецеў, то рэакцыя была імгненная памежнікаў. Цяпер я гляджу, нейкія паслабленні ёсць. Таму нам ніхто з тых, хто кантралюе ўезд, не звяртаўся.

(…) Калі закране на ўрадавым узроўні нас, па нашых запрашэннях даваць нейкае тлумачэнне, то ў нас такіх выпадкаў вось гэтага «масавага уцякацтва» [няма]… Адзінкавыя выпадкі былі заўсёды», — даводзіць Стрэльчанка.

У іншай размове Стрэльчанка просіць прывезці яму дакументы і даводзіць:

«Я павінен пазваніць нашаму куратару туды, ва Упраўленне справамі, першаму намесніку, які даў мне даручэнне. Я павінен сёння яму зрабіць справаздачу, якую схему мы прапаноўваем. Таму, калі я да яго паеду, павінен паказаць — вось прадпрыемства ёсць такое. Патлумачыць яму. Паказаць дакументы».

Пад «куратарам» маецца на ўвазе Мікалай Селіванаў.

Праца з пагранічнікамі

Як вынікае са зместу размоў, у першыя месяцы крызісу мігрантаў, якіх лавілі на мяжы пагранічнікі, вярталі турфірмам.

Так, у адной размове пагранічнік просіць Корабава прыехаць забраць восем чалавек, але не разумее, хто за іх адказвае. Той даводзіць:

«Мы абодва — «Аскартур» і «Цэнтркурорт» — мы абодва адказваем за [мігрантаў]. Мы працуем па дамове аб супрацоўніцтве… Мы партнёры, асабліва па Іраку. (…) Яны прылятаюць па хадайніцтве «Цэнтркурорта», але гэта людзі нашы, таму што мы ў рамках дамовы аб супрацоўніцтве развіваем гэты напрамак».

Фота: twitter Staz Graniczna

У іншай размове пагранічнік цікавіцца ў Корабава, ці забралі мігрантаў. Той адказвае станоўча і расказвае, што яны жывуць у адным пакоі з гідам. «Пашпарты ў мяне, тэлефоны ў мяне. Яны з гідам сядзяць пад замком. Ключ толькі ў мяне. Іх толькі кормяць», — гаворыць Корабаў і інфармуе, што ў «сераду яны вылятаюць».

20 чэрвеня 2021 года Корабаву патэлефанаваў пагранічнік.

«Добрай раніцы», — адказаў Карабаў.

«Пытанне, ці добрая, — пачуў Корабаў у адказ. — У вас па групавой візе згубіліся два чалавека. (…) Мне неабходна, каб вы перакінулі фатаграфіі іх пашпартоў, каб іх асобы засведчыць. І трэба, каб вы іх у Мінску сустрэлі. Зараз мы іх прыстрашым, каб яны больш гэтага не рабілі. І вам на кантроль, каб яны вылецелі. У наступны раз зловім — улупім ім дэпартацыю. Гуляюць там, дзе не трэба. (…) Яны гулялі недалёка ад мяжы з Польшчай».

«Іракцы распаўзаюцца па Беларусі, як мурашкі»

У іншай размове з пагранічнікам Корабаў скардзіцца:

«Іракцы распаўзаюцца па Беларусі, як мурашкі. У нас жопа. Зрабілі недагляд службы, не пакараўшы першыя дзве групы, якія ўцяклі. Раней адразу за гэта друкалі. [Цяпер] яны закрылі вочы. І іракцы там у сябе ў Багдадзе падумалі: «Калі атрымалася ў тых дзвюх груп, то чым мы горшыя?» Груба кажучы, з турыстаў з самалётаў 80 працэнтаў гэтых вось дэбілаў уязджае».

Перахопленыя тэлефонныя размовы сведчаць, што ў «Аскартур» ведалі аб сапраўднай мэце большасці «турыстаў».

Так, у адной з размоў Дзмітрый Корабаў кажа пра курдаў, якія прыляцелі:

«Яны там без сумак і без нічога ўвогуле. Увогуле пі**ц. По**г, галоўнае, каб білеты набывалі. Правільна? Назад проста на палову пусты самалёт паляціць».

У іншай размове з супрацоўніцай аднаго з гатэляў Корабаў просіць быць больш уважлівымі да групы курдаў, якія павінны засяліцца. Жанчына прапануе для большага кантролю за іх перамяшчэннем не аддаваць ім пашпарты.

«А гэта без розніцы. Яны (пашпарты — НН) ім не патрэбныя. Яны калі ўцякаюць, яны ўвогуле дакументы «скідваюць», каб іх нельга было апазнаць. І бежанства проста», — даводзіць Корабаў.

Як піша выданне, спасылаючыся на атрыманыя дакументы, хадайніцтвы аб выдачы віз падавалі і іншыя беларускія кампаніі, сярод якіх «Сідон тур» і «Берагавая зорка» (пазней перайменаваная ў World Travel). Пазней запрашэнні сталі выдавацца праз Расію.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(1)