«Яе стан у псіхалагічным сэнсе вельмі цяжкі» – муж Шарэнда-Панасюк
Палітзняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк, якую два тыдні таму змясцілі ў СІЗА замест вызвалення з калоніі, знаходзіцца «у вельмі цяжкім псіхалагічным стане». Пра гэта піша Радыё Свабода са слоў яе мужа Андрэя Шарэнды.
Паводле Шарэнды, нейкая неназваная ім крыніца бачылася з Палінай у Гомельскім СІЗА і перадала яму свежую інфармацыю пра яе стан:
– З добрых навінаў, што Паліна жывая, з дрэнных — што яе стан у псіхалагічным сэнсе вельмі і вельмі складаны, цяжкі. Яе працягваюць мучыць, фактычна катаваць. Як яшчэ гэта назваць, калі зноў ня вызвалілі, хоць тэрмін закончыўся, а закінулі ў следчы ізалятар і будуць зноў судзіць? Толькі катаваннем. І на сваякоў таксама маральна ціснуць.
Паводле звестак Андрэя Шарэнды, сваякі Паліны спрабавалі перадаць ёй харчовую перадачу, але яе не прынялі.
– Зноў прычына, што нібыта ёй ужо нехта перадаў 30 кілаграмаў прадуктаў — норму на месяц. Гэтым разам невядомыя «добразычліўцы» прынесьлі ёй мех старой морквы. Яблык яшчэ няма, як рабілі летась, дык цяпер «дораць» моркву. Здзекуюцца з Паліны і яе сваякоў. Гэта яўна спланаваная, заказаная наверсе правакацыя, якой яны мэтанакіравана дабіваюць невінаватага чалавека.
Маці дваіх дзяцей Паліна Шарэнда-Панасюк была першапачаткова асуджаная на два гады пазбаўлення волі. Потым яе яшчэ двойчы пакаралі па артыкуле 411 КК РБ за «непадпарадкаванне адміністрацыі». Такім чынам, агульны тэрмін склаў ужо 4 цалкам адбытыя гады пазбаўлення волі.
Увесь гэты час жанчына падвяргалася моцнаму псіхалагічнаму ціску і спагнанням у калоніях ПК-4 і ПК-24. Таксама з'яўляліся паведамленні, што яе збівалі ў калоніі.
Пэўны час таму праўладныя каналы апублікавалі «інтэрв'ю» з Палінай. У ім яна сказала, што напісала прашэнне аб памілаванні і спадзяецца на станоўчы вынік. Але спадзяванні не спраўдзіліся: у дзень заканчэння тэрміну яе зноў затрымалі, завёўшы новую крымінальную справу.
Читайте еще
Избранное