Транзит

Яўген Красулін

Як атрымаўся «ідэальны шторм» для дыктатара

Гісторык Яўген Красулін разважае для «Салідарнасці» пра фактары, якія вызначаюць зусім не раптоўнае абуджэнне беларусаў. І тое, што яшчэ наперадзе.

Яўген Красулін

Перыяд ад пачатку 2000-х да 2020-га ўспрымаецца ў наш час як своеасаблівы «застой», міжчасоўе, калі талерантнае, памяркоўнае і саветызаванае беларускае грамадства жыло ў гармоніі з «лампавай» дыктатурай, апазіцыя ці тое была нікчэмная, ці тое яе зусім не было, як, уласна, і рэпрэсій.

І толькі ў 2020-м, маўляў, адбылося нечаканае «абуджэнне» беларусаў. Нечаканае і часовае – каб пасля усплёску зноў пагрузіцца ў салодкі сон аўтарытарызму.

Такі падыход стварае веру ва ўсемагутнасць дыктатуры, адмоўна ўплывае на нашае цяперашняе самаўспрыманне, фармуе ў часткі беларусаў вывучаную бездапаможнасць і прыводзіць да расчаравання ды апатыі.

Таксама гэта зводзіць у бок спробы разумення прыроды дыктатарскага рэжыму ў Беларусі і падставаў ягонага доўгага існавання, што мае непасрэднае дачыненне да разумення, дзе знаходзіцца «ігла смерці». А гэта непасрэдна ўплывае на выбар стратэгіі далейшай барацьбы, што (без жартаў) будзе лёсавызначальным для ўсіх нас.

Плюс да гэтага мы цяпер назіраем шырокае вяртанне ва ўжытак тых жа метадаў і інструментаў, якімі дыктатура ў той час змагалася за сваё выжыванне. Разгляд таго, як і з якімі мэтамі гэта выкарыстоўвалася ў мінулым, дазволіць нам больш адэкватна ўспрымаць тое, што назіраем цяпер. Прынамсі, можна будзе больш спакойна рэагаваць на тыя наратывы, якія цяпер закідваюцца супраць беларусаў і дэмакратычных сіл.

Як вядома, любы аўтарытарны рэжым трымаецца на трох слупах: легітымнасць, рэпрэсіі і кааптацыя (уключэнне часткі насельніцтва ў сістэму рэжыма). Прычым, легітымнасць (то бок прызнанне з боку грамадзянаў за рэжымам права кіраваць) зьяўляецца асноўным слупом, які дазваляе выдаткоўваць рэсурсы на два іншыя. Бо трымаць у падпарадкаванні грамадства, якое не прызнае за рэжымам такога права, надта дорага каштуе.

Сваю легітымнасць рэжым Лукашэнкі будаваў на вядомым тэзісе: «У кожнага беларуса на стале будуць чарка і скварка». Тады ж быў пазначаны і метад дасягнення гэтай мэты: «Я на каленях гатовы паўзці ў Расію».

У абмен на здачу суверэнітэту і незалежнасці, а таксама коштам патэнцыялу развіцця Беларусі, Расія зрабілася спонсарам палітыкі Лукашэнкі, дазваляючы яму падтрымліваць дабрабыт насельніцтва на адносна прымальным узроўні. Ёй, у сваю чаргу, дазвалялі гэта рабіць сусветныя цэны на нафту, якія даволі добра карэлююцца са станам знешняй палітыкі Лукашэнкі.

Але, як вядома, ня хлебам адзіным… Канцэпцыя сучаснай дзяржавы, што прайшла стагоддзі свайго фармавання, патрабуе ад урадаў ня толькі «чаркі і скваркі», але і абароны чалавека. І ня толькі ў фізычным плане, але і ягоных правоў.

Вось гэтага рэжым ня можа забяспечыць ні пры якім раскладзе. Бо ён, узурпаваўшы ўладу, вымушаны трымацца на рэпрэсіях і не даваць народу вялікай «волі», каб яго тая «воля» ня знесла. Гэта стварае супярэчнасць з запытамі грамадства, што нараджае незадаволенасць.

Таму нават у адносна «сытыя» часы рэжыму даводзілася сутыкацца з масавымі пратэстамі, якія пад час элекцыйных кампаній набывалі вялікія маштабы (2006-ы – да 30 тыс., 2010-ы – да 60 тыс.). Калі да гэтага дадаць пратэсты прадпрымальнікаў, якія ў 2000-х перыядычна праходзілі па ўсёй Беларусі, дык у суме мог атрымацца сур’ёзны выклік рэжыму. Асабліва ў выпадку спалучэння пратэставых рухаў з палітычнымі патрабаваннямі…

Каб палітычныя патрабаванні не зрабіліся вялікім выклікам легітымнасці, аўтарытарныя рэжымы здаўна прымяняюць метад палітычнай дэмабілізацыі грамадства. Дзеля гэтага існуе досыць шырокі набор інструментаў. У першую чаргу – унесці раскол паміж грамадствам і палітычнымі лідэрамі, якія могуць зрабіцца альтэрнатывай рэжыму.

Калі спачатку рэжым Лукашэнкі выкарыстоўваў рэпрэсіі непасрэдна супраць лідэраў і актывістаў апазіцыйных рухаў і партый, прыкладна з другой паловы 2000-х усё больш пачынае ўжывацца метад дыскрэдытацыі апазіцыі і палітычнай дзейнасці ў цэлым. Тэмы для наратываў пры гэтым абіраліся такія, якія закраналі натуральную сітуацыю для палітычнага жыцця, але падаваліся як праява нейкіх адмысловых, унікальных адмоўных якасцяў выключна беларускай апазіцыі.

Сярод гэтых тэмаў была і «раздробленасць» апазіцыі («ну калі ж яны, нарэшце, аб’яднаюцца?»), і грошы («грантасмокі»), і адсутнасць вынікаў дзейнасці («анічога ня робяць»). Усё гэта падсумоўвалася высновай: «Палітыка – справа брыдкая». Маўляў, калі чалавек з’яўляецца палітыкам, гэта аўтаматычна ставіць на ім кляймо несумленнасці.

Не забываліся і на сам народ. Сярод беларусаў старанна стваралася самаўспрыманне як народа непаўнавартаснага, «неданацыі». Навязліва паўтараўся наратыў, што беларусы – самыя «саўковыя» на абшарах былога СССР, а можа і ў свеце, што іхнія каштоўнасці і абмяжоўваюцца той самай «чаркай-скваркай». Ну, можа яшчэ «іншамаркай» (што дадаткова падкрэслівала рост дабрабыту пры рэжыме).

Вельмі істотнай тэмай (бадай, ключавой) было тое, што беларускае грамадства ў большасці сваёй падтрымлівае Лукашэнку і ягоны рэжым. Тым, хто быў супраць, навязвалася вывучаная бездапаможнасць: так, мы – супраць, мы – за перамены, мы – за дэмакратыю, мы – за рынкавыя рэформы. Але ж астатнія – саўкі, якім галоўнае, каб чэрава было набіта.

Менавіта на гэтым – адчуванні ўнікальнасці свайго пратэсту, думцы пра тое, што ты – кропелька супраціву (хоць і ўнутранага) у акіяне суцэльнай згоды і падпарадкавання, у значнай ступені трымалася легітымнасць рэжыму Лукашэнкі.

Дыскрэдытацыя лідэраў і саміх пратэстных рухаў фармавала тое самае пытанне, у якім хавалася таямніца даўгавечнасці гэтага рэжыма: «А хто, калі ня ён?»

Усе гэтыя наратывы трывала ўвайшлі ня толькі ў свядомасць значнай часткі грамадства, але і ў беларускую незалежную аналітыку, дзе дзейнасць апазіцыі фактычна перастала ўспрымацца ўсур’ёз. Нават рэжым, падобна, паверыў, што для яго ўсё стабільна.

Але ў тым і праблема, што стабільнасці не бывае. Усё рухаецца, усё ідзе ў дынаміцы. І калі ты пачынаеш верыць, што ўсё зроблена, неўзабаве пачынаеш каціцца ў аўтсайдэры.

Так, беларуская апазіцыя – як і любая апазіцыя ва ўмовах аўтарытарнага рэжыму – трапіла ў цяжкі стан. Шмат хто скажа, што ў такіх умовах якая-небудзь дзейнасць не з’яўляецца магчымай. Але пры ўсім пры гэтым беларуская апазіцыя захавала сваю структуру, працаздольнасць і ўплыў на грамадства.

На фоне апазіцый у іншых постсавецкіх дзяржавах (і ня толькі ў іх), дзе ўсталяваліся аўтарытарныя рэжымы, беларуская выглядае даволі моцнай і эфектыўнай.

Кожная элекцыйная кампанія дазваляла апазіцыі крыху разбурыць той інфармацыйны мур, які быў узведзены рэжымам паміж ёй і грамадствам. Паралельна назапашваўся досвед арганізацыі выбарчых штабоў, пабудовы стратэгіі кампаніі, фармулявання пасланняў і праграм. Усё гэта вельмі прыдалася ў 2020-м, калі ў беларускай палітыцы апынуліся новыя людзі, якія гэтага каштоўнага досведу ня мелі.

Ды й беларускае грамадства, якому часцяком адмаўлялі ў самім факце існавання, актыўна дэманстравала, што яно далёка не з саўкоў складаецца. Сацыялагічнае апытанне, праведзенае ў 2017-м, прадэманстравала, што доля тых, хто выступае за павялічэнне ў эканоміцы прыватнага сектару, амаль удвая перавышала долю прыхільнікаў сектару дзяржаўнага (40,3% на 20,9%). Толькі 11% апытаных казалі, што канкурэнцыя – гэта кепска, у той час як карысць у ёй бачылі 63,7%.

Меркаванне, што людзі самі павінны несці адказнасць за сваё забеспячэнне, пераважала над меркаваннем, што гэтым павінна займацца дзяржава (45,7% на 28,9%). Калі сюды дадаць, што 68% удзельнікаў апытанкі выказаліся за неабходнасць развіцця рынку каштоўных папер і акцый (68%), дык вынікі апытанкі малююць далёка не савецкі партрэт беларуса.

Усё гэта радыкальна супярэчыла тым падыходам, якіх прытрымлівалася ўлада ў сваёй эканамічнай палітыцы. Грамадства Беларусі імкліва «перарастала» жорсткія рамкі, якія ўсталяваў для яго лукашэнкаўскі рэжым. Але заставалася ўсё тое ж клятае пытанне: «а хто ж, акрамя яго?!»

Але, спрабуючы канчаткова дыскрэдытаваць лідэраў «старой» апазіцыі, рэжым нечакана сам спрычыніўся да фармавання ў беларусаў вобраза таго самага кандыдата, які мог бы паспяхова канкураваць з ім на выбарах: новы чалавек у палітыцы, «эфектыўны менеджэр» з гісторыяй эканамічнага поспеху і, натуральна, не «маргінальны апазіцыянер». Віктар Бабарыка ідэяльна ўпісваўся ў гэты вобраза.

Тую частку грамадства, якую ня мог зачапіць рафінаваны і інтэлігентны банкір з ягонай спакойнай і разважлівай манерай размовы, здолеў мабілізаваць чалавек куды больш энэргічны і блізкі да народа. Сяргей Ціханоўскі сам даваў людзям выказвацца і падхопліваў іх хвосткія лозунгі.

Заставалася, праўда, яшчэ адна праблема, якую старанна насаджаў рэжым: «Ну калі ж яны аб’яднаюцца!» Сапраўды, цяпер цяжка казаць, чым скончылася б тая кампанія, калі б беларусы пайшлі ў яе «калонай Бабарыкі» і «калонай Ціханоўскага». Але улады, запанікаваўшы ад хвалі энтузіязму, якая ўздымалася ў той час у грамадстве, кінулі сваіх нечаканых канкурэнтаў за краты.

Тут бы Лукашэнку супакоіцца і правесці «роўную» кампанію ў атачэнні жменькі безкаляровых спойлераў. Дастаткова было проста не зарэгістраваць у якасці кандыдата Святлану Ціханоўскую, якая знянацку вырашыла пайсці на выбары замест свайго мужа.

Дурное патрыярхальнае стаўленне да жанчын вярнулася тут рэжыму гіганцкім бумерангам. Не паверыўшы, што Ціханоўская можа ўяўляць хоць нейкую пагрозу, улады дапусцілі яе да выбараў. І тады, ня маючы ўласнага досведу правядзення электаральных кампаній, яна звярнулася да таго, хто гэты досвед меў – да «старой апазіцыі».

А вішанькай на торце было пасланне: «Я іду, каб правесці свабодныя справядлівыя выбары». Гэта аўтаматычна зняла шмат пытанняў да кандыдатуры Ціханоўскай і зрабіла яе бліжэйшай саюзніцай каманд тых прэтэндэнтаў, якіх Лукашэнка не дапусціў да выбараў.

Зусім не раптоўнае «абуджэнне» беларусаў было падставай для падзеяў 2020-га. Гэта было спалучэнне некалькіх трэкаў, якія працяглы час развіваліся ў нашай краіне.

Канчатковае «перарастанне» беларускім грамадствам рамак лукашэнкаўскага рэжыму і звязаная з гэтым прага супраціву дыктатуры, з’яўленне новых лідэраў і выкарыстанне імі досведу і структур «старой апазіцыі», а таксама дзеянні саміх уладаў – усё гэта прывяло да ўзнікнення ўмоваў «ідэальнага шторму» для дыктатарскага рэжыму і ягонай легітымнасці.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(55)