История

Андрэй Кныш

Як Лукашэнка вярнуў беларусам 7 лістапада – дзень рэвалюцыі, які «нельга палітызаваць»

«Салідарнасць» нагадвае кароткую гісторыю адзначэння савецкага свята, якое пачало губляць папулярнасць яшчэ ў часы СССР.

Камуністрычная дэманстрацыя, 1990-я. Архіўнае фота

Да 2017 года ў свеце было толькі тры краіны, якія на дзяржаўным узроўні працягвалі адзначаць дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі. Пасля таго, як Кыргызстан адмовіўся ад святкавання, а Расія істотна перафарматавала сэнс гэтай даты, Беларусь засталася адзінай дзяржавай, дзе ўгодкі бальшавіцкага перавароту маюць статус выхаднога дня.

Сёння мы прыгадаем, хто і як вярнуў савецкае свята ў каляндар незалежнай Беларусі. І як змянялася рыторыка ўладаў наконт ягонага сэнсу і значэння.

7 лістапада вярнуў ва ўжытак Аляксандр Лукашэнка. У 1995-м у выніку ганебнага рэферэндума ён не толькі змяніў дзяржаўны герб і сцяг на сурагат сімволікі былой БССР. У лістападзе таго года ў Беларусі тры дні адзначалі «дзень рэвалюцыі» — упершыню пасля знікнення з палітычнай мапы свету СССР.

Скан газеты «Свабода», які захоўваецца ў інтэрнэт-бібліятэцы Камунікат

Як пісала тады газета «Свабода», 7 лістапада на дэманстрацыю ў цэнтры Мінска выйшла ўнушальная калона, якая налічвала каля 15 тысяч чалавек. Вось як выданне апісвала ўдзельнікаў шэсця: большасць ва ўзросце 60-70 год, надзвычай агрэсіўныя, у іх руках — савецкія сцягі, партрэты Леніна і Сталіна.

Сатырычны заклік рэдакцыі «Свабоды»

У сакавіку 1998-га Лукашэнка падпісаў указ № 157, згодна якога было заснаванае дзяржаўнае свята — «Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі». Ад таго моманту 7 лістапада ў Беларусі было абвешчана выхадным днём.

Гэта быў момант, калі ўчорашні старшыня саўгасу атрымаў без перабольшвання царскія паўнамоцтвы, перапісаўшы пад сябе Канстытуцыю, разагнаўшы Вярхоўны Савет і стварыўшы замест яго фактычна кішэнны парламент.

Важна адзначыць, што беларусаў ніхто не пытаў наконт вяртання ў каляндар былога савецкага свята. Як ніхто і не пытаў іх наконт цаны гэтага вяртання: дагэтуль у пачатку лістапада выхадым днём былі Дзяды. І вось замест дня памяці продкаў святочным днём зрабілі ўгодкі бальшавіцкага перавароту.

Гэтае вяртанне лагічна клалася ў агульную лінію паводзінаў Лукашэнкі, які з першых дзён кіравання краінай пачаў паразітаваць на савецкім мінулым. «Захаванне» калгасаў, вяртанне колішняй дзяржаўнай прэсы пад татальны кантроль уладаў, суботнікі — гэта няпоўны спіс ініцыятываў на шляху ў мінулае.    

Камуністрычная дэманстрацыя, 1990-я. Архіўнае фота

У першыя гады існавання новага-старога свята віншаванні Лукашэнкі мала чым адрозніваліся ад таго, што даводзілася штогод чуць беларусам у часы БССР. 

Гэта падзея, нягледзячы на ​​рознае да яе стаўленне, стала сапраўды гістарычнай, упершыню абвясціўшы свабоду працоўных ад эксплуатацыі, прыгнёту і бяспраўя. 7 лістапада 1917 года нашы дзяды і прадзеды зрабілі першы крок на шляху да сацыяльна справядлівага грамадства…

Аляксандр Лукашэнка, лістапад 2010-га

Пасля падзей дзесяцігадовай даўніны ва Украіне ў віншаваннях з’явіліся несвяточныя ноткі. Лукашэнка пачаў настойваць на… апалітычнасці свята Кастрычніцкай рэвалюцыі:

— Ніякага палітычнага сэнсу ў гэтае свята я не ўкладаю. Людзі прывыклі яго адзначаць. І чаму трэба яго адмяняць? Я праціўнік рэвалюцый, як і вы, але тады людзі змагаліся за лепшае жыццё. (…) Не раю палітызаваць гэтае свята, трэба больш думаць аб практыцы — будаваць новыя масты, дамы, вытворчасці. Гэта галоўны сэнс, які мы ўкладваем у гэты свята.

Гэты галоўны сэнс быў прыдуманы не ім. 7 лістапада ў часы СССР доўгі час лічыўся днём «падарункаў савецкаму народу». Да гэтай даты ў Савецкім Саюзе імкнуліся завяршыць чарговую «будоўлю стагоддзя». Сярод іх, да слова, была і Чарнобыльская АЭС.

Лукашэнка ж пераважна адчыняў станцыі метро ў сталіцы. А таксама новыя лякарні ды іншыя сацыяльныя аб’екты. Зрэшты, у лістападзе 2020-га ён прыехаў у Астравец, каб пад пахмурным небам урачыста запусціць першы блок Беларускай АЭС.

Але вернемся на некалькі год назад, у 2016-ы. Ці не ўпершыню на самым версе пачалі ўзнікаць нядобрыя думкі наконт перспектываў святкавання 7 лістапада.

— Гэта ў гісторыі ў нас было, мы не адышлі ад гэтай даты. Яна ў нас афіцыйная — 7 лістапада. Прыйдзе час, калі народ перастане адзначаць гэта свята і не будзе звяртаць на яго ўвагі, і пакалення таго не будзе... Можа, нехта яго і адменіць. Сёння — не час, — заявіў тады Лукашэнка.

7 лістапада, 2000-я. Архіўнае фота

А яшчэ праз два гады ён загаварыў пра рэдызайн свята:

— Час ідзе, і яго трэба было напоўніць нейкім іншым сэнсам.

Але нічога новага ў тым «новым» сэнсе не было, а ўсё тыя ж «падарункі» народу ў выглядзе чарговай станцыі метро.

Пры гэтым год ад году да помніка Леніну ў цэнтры Мінска прыходзіла ўсё менш народу. Як пісала прапаганда, на шэсці выходзілі «адно толькі тыя, хто лічыць гэта сваім абавязкам».

Але ўсе сумневы зніклі пасля падзей 2020-га. Цяпер савецкае свята адзначаюць згодна даўніх рытуалаў: прадстаўнікі працоўных калектываў і праўладных аргнізацый ідуць з кветкамі да помніка правадыру сусветнага пралетарыята не толькі ў сталіцы, але і ў Навагрудку, і Мазыры.

Зрэшты, ёсць сумневы, што камуністычны «чырвоны дзень календара» атрымаў сапраўднае другое дыханне. І ў пацверджанне прапануем красамоўны ўрывак з леташняй тэматычнай публікацыі дзяржаўнага агенцтва «Минск-Новости»:

«До середины 1950-х день Октябрьской революции оставался любимейшим праздником для советских людей. Все считали своим долгом поучаствовать в торжественных мероприятиях, насладиться военным парадом.

Святкаванне ў Мінску ў часы БССР. Увага на транспарант злева

Постепенно интерес к 7 ноября стал угасать, а в 1970-1980-е праздник начали считать обязаловкой. Ведущую роль в остывании народной любви к нему сыграли объективные причины. События далекого 1917 года затмила Великая Отечественная война. Ушли в прошлое герои-революционеры. Их место заняли герои-победители.

В 1965 году День Победы официально объявили выходным. Для людей, прошедших тяготы войны, 9 Мая оказалось намного роднее ноябрьских торжеств. Стал терять популярность и военный парад.

Послевоенная молодежь видела себя создателями нового мира, а не военными. Мечтой советских детей было покорение космоса. Неудивительно, что военный парад на 1 Мая отменили, оставив лишь один на 7 ноября.

Для поддержания массовости стали применять административный ресурс. Каждое предприятие получало разнарядку на участие в демонстрации: место в общей колонне, количество растяжек, транспарантов и плакатов, обязательное число участников.

Многие рабочие и служащие считали своим долгом выйти в этот день всей семьей с красным флагом. Зато других приходилось выводить в добровольно-принудительном порядке. Отличным стимулом служили дополнительные премии или лишение таковых.

Избежать участия в демонстрации можно было участием в других массовых мероприятиях. Тут каждый сам выбирал, что для него лучше — Первомай или 7 ноября».

Па сённяшніх мерках, гучыць крамольна. Што не перашкаджае афіцыёзу гнуць сваё:

— Захоўваючы гэты дзень сярод іншых памятных дат, мы тым самым аддаем даніну павагі мільёнам людзей, для якіх многія гады гэта было галоўнае свята дзяржавы.

Так, гэта пра тую самую падзею, якую тыя самыя мільёны адзначалі пад пагрозай пазбаўлення прэміі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 2.5(22)