Як рэцыдывіст стаў «эталонным ябацькам», а пасля трапіў пад суд
Цяпер зорку беларускіх прапагандысцкіх СМІ збіраюцца прымусова лячыць у псіхушцы, піша Наша ніва.
Рэцыдывіста Сяргея Заслаўскага (Аўтуховіча) — стваральніка руху «За моцную Беларусь», намесніка Дзмітрыя Паўлічэнкі ў асацыяцыі ветэранаў спецназа, зорку беларускіх прапагандысцкіх СМІ — будуць судзіць за махлярства, дачу хабару і самавольнае прысваенне звання. Але яго чакае не калонія, а прымусовае псіхіятрычнае лячэнне.

Гісторыя Сяргея Заслаўскага (ранейшае прозвішча Аўтуховіч) магла адбыцца толькі ў Беларусі і толькі пасля 2020 года. Шматразова судзімы рэцыдывіст з махлярскімі талентамі прысягнуў у любові Аляксандру Лукашэнку — і гэта стварыла перад ім нават не кар’ерную лесвіцу, а паўнавартасны кар’ерны ліфт.
Рэцыдывіст да 2020 года
У анамнезе Сяргея Аўтуховіча да 2020 года — пад 20 крымінальных злачынстваў, з якіх 15 разбояў.
Ён адбіраў у іншых грошы проста на прыпынках, залазіў у чужыя кватэры. Прадстаўляўся работнікам праваахоўных органаў, трапляў у камерцыйныя кіёскі і пагрозамі і гвалтам адбіраў у прадпрымальнікаў тавар. Аднойчы нават умудрыўся «шляхам падману» адабраць у пацярпелага грошы проста ў памяшканні Фрунзенскага РУУС Мінска!
Яго прыцягвалі да крымінальнай адказнасці, але па выніках псіхіятрычных экспертыз вызвалялі, адпраўляючы пад узмоцненае назіранне.
Грамадскі дзеяч пасля 2020 года
Аднак Аўтуховіч не быў цалкам неадэкватным. Пасля 2020 года ён зразумеў, адкуль і куды дзьме вецер.
Начапіў маёрскія пагоны, павесіў на кіцель значкі аб «самаадданай службе», сканчэнні Акадэміі МУС і службе ў в/ч 3214 — і пайшоў у людзі.
Насамрэч ні ў войску, ні ў органах унутраных спраў ён ніколі не служыў, аднак хто б рызыкнуў паставіць пад сумнеў словы эталоннага ябацькі ў форме сілавіка?

Заслаўскі (а цяпер у яго было менавіта такое прозвішча) гастраляваў па ваенных часцях і аддзелах міліцыі з майстар-класамі для сілавікоў і курсантаў і па школах з «патрыятычнымі» лекцыямі для дзяцей.
Кожны ягоны рух падрабязна асвятляўся ў дзяржаўных медыя: СТБ, «Мінск-Навіны», «Ваяр».
Ён праводзіў прызыўнікоў у войска, ціснуў рукі міліцэйскім генералам і лукашэнкаўскім міністрам, абдымаўся з кіраўніком АМАПу Балабам. Заслаўскі сабраў цэлы іканастас падзяк і грамат ад сілавых структур Беларусі. Ён праводзіў семінары для работнікаў МУС і Мінабароны па ўсёй краіне.
Заслаўскі стварыў «патрыятычна-спартовы рух «За моцную Беларусь» і стаў намеснікам Дзмітрыя Паўлічэнкі ў Асацыяцыі ветэранаў спецназа «Честь». Задумаўся і пра палітычную кар’еру, уступіўшы ў Ліберальна-дэмакратычную партыю Алега Гайдукевіча — зрэшты, куды ж яшчэ ісці рэцыдывісту?
Пранк, які выйшаў з-пад кантролю
Бяда падкралася да Заслаўскага-Аўтуховіча ў 2023 годзе. Тут сышлося два фактары. Па-першае, ён выпадкова трапіў на Акрэсціна за рэпост нейкага «экстрэмісцкага» матэрыялу. Па-другое, на гэтыя 15 сутак для эталоннага ябацькі звярнула ўвагу «Наша Ніва» і расказала сапраўдную біяграфію гэтага персанажа.
Толькі пасля гэтага сілавікі схапіліся за галаву і зразумелі, хто ўцёрся да іх у давер. Нейкі час па інерцыі яго яшчэ запрашалі на мерапрыемствы, але патрохі кар’ера Заслаўскага скончылася — ні сюжэтаў у дзяржаўным тэлебачанні, ні абдымкаў з міністрам.
Пасля гэтага ён яшчэ паспрабаваў скарыць Расію, але атрымалася не так паспяхова, як у Беларусі.
Летась «Нашай Ніве» стала вядома, што Заслаўскага арыштавалі. Доўгі час ён знаходзіўся пад следствам, і толькі цяпер справа дайшла да суда. Працэс пачнецца 4 сакавіка 2025 года.
Яму інкрымінуюцца чатыры крымінальныя артыкулы:
- 209 ч. 2 — махлярства;
- 209 ч. 3 — махлярства;
- 382 — самавольнае прысваенне звання ці ўлады службовай асобы;
- 431 ч. 2 — дача хабару.
У раскладзе Кастрычніцкага суда Мінска пазначана, што Заслаўскі — асоба, якая здзейсніла грамадска небяспечнае дзеянне. Калі перакласці з юрыдычнай мовы на чалавечую, па выніках экспертызы ён прызнаны неадэкватным. Значыць Заслаўскага чакае не вызначаная колькасць гадоў у калоніі, а прымусовае лячэнне на нявызначаны тэрмін.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное