Общество

Кацярына Батлейка

Завадскі: «Дзяржава павінна прымаць меры, каб не было стыгматызацыі ВІЧ-інфекцыі»

Лекар, праваабаронца і былы кіраўнік медслужбы Дэпартамента выканання пакаранняў МУС РБ Васіль Завадскі ў экспрэс-каментары «Салідарнасці» — пра фактары, якія ўплываюць на статыстыку выпадкаў ВІЧ-інфекцыі і што трэба рабіць, каб выправіць сітуацыю.

Беларусь — адна з найгоршых у Еўропе краін па колькасці выпадкаў ВІЧ-інфекцыі. Пра гэта сведчаць даныя глабальнага даследавання, апублікаванае The Lancet. Больш сумная сітуацыя толькі ў Расіі і Украіне.

Што ўплывае на такія лічбы распаўсюду інфекцыі ў нашай краіне і што трэба рабіць, каб змяніць сітуацыю? «Салідарнасць» спытала пра гэта ў лекара, праваабаронца і былога кіраўніка медслужбы Дэпартамента выканання пакаранняў МУС РБ Васіля Завадскага.

Суразмоўца адзначыў, што прычын, якія ўплываюць на сітуацыю, некалькі. Па-першае, такімі лічбамі адгукаецца ўспышка ВІЧ, якая адбылася ў 1990-ыя ў Светлагорску. Для Беларусі, узгадвае лекар, гэта была шакуючая статыстыка — больш тысячы чалавек за першы і другі год успышкі.

Васіль Завадскі

— Па-другое, важна разумець, што першапачаткова ВІЧ быў інфекцыяй тых, хто спажывае наркотыкі або сярод гомасэксуалаў. Зараз гэта перайшло ў агульную папуляцыю. У новай статыстыцы па Беларусі мы бачым, что ў большасці выпадкаў заражэнне адбываецца палавым шляхам.

Акрамя гэтага, мае ўплыў стыгматызацыя людзей з ВІЧ у грамадстве. Гэта прыводзіць да таго, што людзі не абследваюцца, не становяцца на ўлік. Апроч стыгматызацыі, гэта яшчэ і фактычна пераслед людзей, якія пакутуюць, напрыклад, на нарказалежнасць.

Лекар прыводзіць у прыклад змены ў беларускім законе, згодна з якімі медыкаў абавязалі паведамляць у міліцыю пра людзей, якія прыйшлі са скаргамі на нарказалежнасць.

— І з-за гэтага, канешне, некаторыя людзі баяцца ісці да медыкаў, бо паведамленне ў міліцыю, як і пастаноўка на ўлік, цягнуць за сабой наступствы. Напрыклад, калі яны хочуць атрымаць пасведчанне кіроўцы.

Таксама трэба адзначыць, што на першапачатковых стадыях гэта хвароба схавана — то бок, як раз тады, калі можна эфектыўна ўздзейнічаць з медыцынскага пунку гледжання. Потым ВІЧ праўляецца праз іншыя інфекцыі, якія медыкі і лечаць, часам не знайшоўшы першапачатковую прычыну. Усё гэта зацягвае час, за які чалавек можа заразіць іншых.

Яшчэ адной прычынай Завадскі называе пераслед грамадскіх арганізацый, якія праводзілі асветніцкую дзейнасць. Калі мы паглядзім на статыстыку па выжывальнасці людзей з ВІЧ, то тут Беларусь абыходзіць Расію, Украіну і Латвію.

— Тут дапамае нядрэнна наладжаная сістэма медыцынскага абслугоўвання людзей, якія маюць ВІЧ-інфекцыю. У нас, можна сказаць, адносна рана адбылася тая ўспышка ў Светлагорску. І тады гэта прымусіла заняцця праблемай: былі створаныя адпаведныя структуры ў сістэме міністэрства аховы здароўя, грамадскія арганізацыі, якія супрацоўнічалі паміж сабой. Гэта было вельмі важна і дало свой плён — людзі атрымліваюць тэрапію і гэта дапамае ім падтрымліваць здароўе.

Суразмоўнік «Салідарнасці» лічыць, што для скачкаабразнага росту выпадкаў ВІЧ-інфекцыі ў нашай краіне няма прычын. Але, нажаль, і для выразнага паляпшэння сітуацыі таксама, на яго думку, няма падстаў.

Выправіць сітуацыю, адзначае Васіль Завадскі, можна, дзякуючы асветніцкай працы і большага доступу да прафілактыкі ВІЧ.

— Трэба, каб людзі разумелі, як распаўсюджваецца хвароба, як можна абараніцца і што трэба рабіць, калі была рызыка заразіцца або калі так сталася, што чалавек ужо заразіўся.

Ёсць спосабы экстранай прафілактыкі, калі, напрыклад, адбыўся нечаканы палавы акт і чалавек разумее, што была верагоднасць заразіцца. У першыя суткі яшчэ можна атрымаць прафілактыку і пазбегнуць рызыкі. Але чалавек, па-першае, павінен пра гэта ведаць, па-другое, павінен ведаць, што калі ён звернецца да медыкаў, у яго не будзе цяжкіх наступстваў.

То бок і дзяржава самастойна, і ў супрацоўніцтве з грамадскімі арганізацыямі павінна прымаць меры, каб не было ні стыгматызацыі, ні дыскрымінацыі ў гэтай сферы.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(2)