Жонка філосафа Уладзіміра Мацкевіча распавяла Народнай Волі пра навіны ад мужа.
— Валодзя трымаецца, хаця са здароўем у яго ёсць пэўныя праблемы, — кажа Святлана Мацкевіч, жонка філосафа. – Не буду нічога канкрэтызаваць, няхай гэта будзе медыцынскай тайнай. Адвакат да мужа наведваецца не вельмі часта, але, па меншай меры, такія візіты не адмяняюцца. І гэта ўжо добра.
Ці працягвае філосаф за кратамі нешта пісаць?
— Думаю, так, але на волю перадаваць ён нічога не можа з таго, што напісаў. Трэба ж разумець, што гэта – турма, а не калонія. Таму невядома яшчэ, наколькі ёсць умовы, каб там нешта пісаць. І я нават не ведаю, колькі чалавек у камеры з мужам, як яму там даводзіцца. Наколькі я разумею, у турме зняволеныя не працуюць, а па рэжыме выходзяць толькі на прагулку.
Увогуле ж, пытанне знаходжання ў турме – гэта ў першую чаргу пытанне здароўя. А 14 мая Уладзіміру споўнілася ўжо 67 гадоў. Нагадаем, што ён быў асуджаны да пяці гадоў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.