Думаю, што гэта пытанне падымалася, але нейкага такога, скажам, пазітыву ў адказах Лукашэнкі Пуцін не знайшоў. Хутчэй дамовіліся пра актывізацыю падтрымкі Расіі, аказваць максімальнае спрыянне расійскай арміі.
Тышкевіч: «Пазітыву ў адказах Лукашэнкі Пуцін не знайшоў»
Аналітык Ігар Тышкевіч у каментары Филину — пра тэмы, якія абмяркоўвае кіраўнік Беларусі падчас сваёй паездкі за мяжу.
Паглыбленне вайсковага супрацоўніцтва і ВПК і стабілізацыя адносін з суседзямі — аналітык Ігар Тышкевіч падзяліўся сваім меркаваннем пра перамовы беларускага кіраўніка з Пуціным і пасля з Сі Цзіньпінам.
— З аднаго боку, візіт у Кітай рыхтаваўся, з другога, тое, што ён будзе вось так адразу пасля візіту ў РФ і ў Сі будзе час на прыём, гарантый не было. Але, наколькі я разумею, пасля сустрэчы з Пуціным Лукашэнку была патрэбна нейкая падтрымка, прычым не столькі на словах, колькі ў выглядзе нейкіх заяваў і нейкіх дэманстратыўных крокаў, — лічыць Ігар Тышкевіч. — Нагадаю, што не так даўно ў Мінск прыязджаў намеснік старшыні КНР.
Цікава, што калі кітайскі госць прыляцеў у Беларусь, Лукашэнка ў гэты час адкрываў паліклініку ў Гародні, і яго рыторыка рэзка змянілася, ён пачаў казаць пра мір.
— Думаеце, ён па-ранейшаму не дае згоды на ўдзел у вайне?
— Супрацоўніцтва ВПК, паглыбленне вайскова-тэхнічнай супрацы, вайсковага супрацоўніцтва, выклік правакацый з суседзямі, стварэнне СП у вайсковай галіне, змяненне кадравай палітыцы беларускага войска на карысць расіян — гэта ўсё, на маю думку, яны маглі абмяркоўваць.
Пытанне ўступлення ў вайну — гэта пытанне падрыхтоўкі да вайны самой Беларусі, то-бок мабілізацыя арміі і г.д. Прыкмет пакуль што няма.
— Чаму вы прыйшлі да такой высновы?
— Пасля былі вельмі сціплыя заявы. Пры гэтым хутчэй за ўсё ў Лукашэнкі ўсё ж адбылася сустрэча з прадстаўнікамі Украіны.
І ён мог данесці нейкія тэзісы да Пуціна. Бо былі заявы Пуціна пра быццам бы новыя прапановы з боку Украіны. Апроч Лукашэнкі, няма кім гэтыя новыя прапановы прывезці.
Думаю, што ён нешта перадаў. Пры гэтым для яго важна заставацца як мага далей ад вайны, асабліва цяпер, калі пазіцыі Расіі не такія моцныя.
З іншага боку, ёсць пазіцыя Кітаю, які хоча ўваходзіць у гэты крызіс у фармаце альбо пасрэдніка, альбо нейкага стабілізатара.
І ў інтарэсах Кітая таксама няма пункту пра рост уплыву РФ. Кітаю Расія патрэбная як рэгіянальная дзяржава, але без лішніх амбіцый. Расія губляе ўплыў на Каўказе, у ЦэнтральнайАзіі.
І павелічэнне ўплыву на Беларусь альбо пераўтварэнне Беларусі цалкам у расійскае проксі — гэта таксама не ў інтарэсах Кітая..
– Усе выдзелілі некалькі цытат пасля сустрэчы ў Кітаі. Так, Сі Цзіньпін заявіў, што «Кітай падтрымлівае Беларусь у абароне нацыянальнага суверэнітэту, незалежнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці». Таксама ён выразіў гатоўнасць Кітая «ў далейшым аказваць усялякае садзейнічанне ў развіцці Беларусі».
— Гэта фактычна сігнал і Расіі, і Украіне, і Еўразвязу. Для Расіі: не варта спрабаваць уцягнуць Беларусь глыбей у агрэсію. Для астатніх — не варта таксама спрабаваць пераносіць, умоўна кажучы, пытанне «каля вайны» альбо вайны на новыя тэрыторыі.
Але там быў яшчэ абзац пра тое, што «обе страны должны укреплять координацию и взаимодействие на многосторонних площадках, чтобы служить стабилизирующим фактором в неспокойном мире».
І гэта ўжо пасыл хутчэй за ўсё афіцыйнаму Мінску: хопіць быць раздражняльнікам для ўсіх суседзяў, варта праводзіць больш спакойную ўзважаную палітыку.
Бо пакуль у нас ёсць вайна ва Украіне, ёсць старыя палітычныя канфлікты з суседзямі, ёсць палітыка Расіі па шантажу краінаў Усходняй Еўропы, у тым ліку вуснамі Лукашэнкі. Ёсць агульная мілітарызацыя, актыўнае вядзенне разведвальнай дзейнасці РБ на тэрыторыі еўрапейскіх краінаў. Усё гэта дэстабілізуючыя фактары.
І вось Сі заяўляе, што варта быць стабілізуючым фактарам у неспакойным свеце.
У Лукашэнкі ёсць бясспрэчная залежнасць ад Расіі, але ў Кітая ёсць магчымасць гэтую залежнасць у пэўнай меры нівеліраваць. Таксама ў яго ёсць магчымасць развіцця перамоўнага трэку са Злучанымі Штатамі, ёсць магчымасць з’яўлення перамоўнага трэку спачатку з Францыяй, пасля з Еўрапейскім Саюзам.
Ёсць перамоўны трэк з Польшчай, ёсць магчымасці з’яўлення такога трэку з Літвой, дэ-факта, паколькі былі ўжо прадстаўнікі Зяленскага, ёсць перамоўны трэк з Украінай.
І на гэтым полі чым больш такіх пазіцый, тым больш магчымасцей для Лукашэнкі стаць максімальна карысным шмат для каго. Нават стаць проста такім пасланцам, які даносіць нейкія паведамленні. Таму што пасланніка звычайна моцна не б’юць.
Зараз ідуць усе гэтыя перамоўныя трэкі, і кожны з іх — гэта стабілізацыя ў пэўным накірунку. Адзначу, што я не кажу пра паляпшэнне, я кажу толькі пра стабілізацыю без пагаршэння.
Дарэчы выхад са знешнепалітычнай ізаляцыі і стабілізацыя адносінаў з суседзямі — не тое самае, што пабудова дэмакратыі ў Беларусі.
Гэта не адзін і той жа працэс. Яны могуць ісці звязана, могуць паралельна, а могуць наогул у адрыве адзін ад аднаго. Напрыклад, той жа Азербайджан, Казахстан, Узбекістан, ААЭ, Катар і г.д.
І зараз у Беларусі адбываецца працэс нармалізацыі адносін з суседзямі на пачатковай стадыі, які не тоесны працэсу дэмакратыі. Ён можа захапіць нейкія дэмакратычныя пераўтварэнні ў нашай краіне праз пэўны час як паралельны працэс пры спрыяльных умовах, а можа не захапіць.
— Які вынік мог бы стаць найлепшым у гэтым працэсе?
— Змяншэнне ўплыву РФ. Калі, дапусцім, актывізуецца Кітай са сваімі праграмамі, якія былі замарожаны, гэта магчымасць змяншэння ўплыву РФ. Калі адкрываюцца іншыя рынкі, гэта таксама вядзе да змяншэння ўплыву РФ.
Далей ужо мяч на полі афіцыйнага Мінску, і ён можа ізноў яго паспрабаваць загнаць на расійскую палову альбо пакінуць у сябе.
Я бы сказаў, што зараз для беларускай дзяржавы ствараюцца магчымасці і гэта пытанне не толькі для Лукашэнкі, але і для яго апанентаў. Усе павінны зразумець, што сітуацыя змяняецца, і знайсці сваё месца ў новай сітуацыі.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное