Вольскі: «Ты ж не сабутэльніка па п’яні замачыў, не! Ты хацеў зьмяніць існуючы лад, а гэта значна горай!»

Лявон Вольскі на budzma.org піша пра песьні, якія дапамагаюць выжыць у зьняволеньні, і пра тое, як зьмянялася сыстэма.

Ад сярэдзіны 1990-х, калі яшчэ трэба было прыкласьці пэўныя намаганьні, каб стаць палітвязьнем, і да нашых дзён, калі дастаткова выпадковага лайка, каб трапіць за краты.

Лявон Вольскі

«Нам песня строить и жить помогает», — пісаў савецкі песеньнік. І вось колькі ўжо людзей казалі мне, што трымаліся, апроч іншага, і дзякуючы маім песьням.

Нехта пачуў па кропцы «Абсэнт», і на душы пацяплела (тады яшчэ песьні такога кшталту можна было пачуць на дзяржаўным радыё), хтосьці паўтараў словы «Ламай сцэнар!», і гэта дапамагала яму не скарыцца, камусьці, як Сашу Івуліну з сукамэрнікам, прыйшоў на дапамогу «Паветраны шар»...

1990-я: каб зрабіцца менавіта палітвязьнем, трэба прыкласьці намаганьні

Безумоўна, калі я пісаў гэтыя песьні, я амаль ня думаў пра турму і палітвязьняў. Не, ясна, гэтая тэма прысутнічала крышачку, лёгкім тлом, бо мы зь сярэдзіны 1990-х жывем з гэтым бэкграўндам — усе ў групе рызыкі, і кожнага могуць пасадзіць. Кожнага — айцішнік ты ці то прадпрымальнік, музыка, пісьменьнік, дырэктар заводу ці то рабочы.

Але тады, у той далёкі час, каб зрабіцца менавіта палітвязьнем, трэба было прыкласьці пэўныя намаганьні — напрыклад, выйсьці на мітынг са сьцягам, выкрыкваць там абразьлівыя для ўлады словы, паўтарыць гэтую працэдуру некалькі разоў. Тады ты меў пэрспэктыву атрымаць ад дзяржавы адпачынак за свой рахунак не на 15 содняў, а на сур’ёзьнейшы тэрмін.

Працэдура спрашчаецца

Часы ішлі. Працэдура спрашчалася. Дастаткова было ўжо адзін раз паказацца на мітынгу, узьняць сьцяг, патрапіць у камэру муса..., я хацеў сказаць, МУСаўскага тэлеапэратара, адседзець содні за парушэньне парадку ці то за «мацерную лаянку» (якой не было, але гэта нічога не зьмяняе), і ты ўжо трапляў у «сьпіс змагароў», зь якога — прамая дарога ў калёнію ці то на хімію.

І вось ты — палітвязень, і стаўленьне да цябе адпаведнае — як да ворага народу. Будзь гатовы да розных прыдзірак і дачэпаў — ты ж не сабутэльніка па п’яні замачыў, не! Ты хацеў зьмяніць існуючы лад, а гэта значна горай!

Яно горай успрымаецца і ўсялякімі супрацоўнікамі карнае сыстэмы, якія тваё «змагарства» кваліфікуюць як замах на іхны дабрабыт і жыцьцёвы парадак.

Найноўшы час: выпадковы лайк — і ты палітвязень

І прыйшоў найноўшы час. Час перадавых тэхналёгіяў, сацыяльных сетак і «лічбавізацыі краіны». Цяпер ты можаш зрабіцца палітзьняволеным, націснуўшы адзін раз на гузік клявіятуры.

Нават калі ты зрабіў гэта выпадкова. Ці нават калі гэта зрабіў ня ты, а тваё дзіцё (коцік, папугайчык), гуляючыся, тыцнула ў клявіятуру, і ў чыімсьці допісе ў сацыяльнай сетцы зьявіўся ўзьняты ўгару вялікі палец.

Потым (досыць хутка!) высьветліцца, што ты падтрымаў экстрэмісцкія думкі ды йдэі, разьдзьмуў варажнечу і рэабілітаваў нацызм. І за гэта мусіш загрымець дванаццатым у чатырохмяйсцовую камэру, дзе табе (таму што ты вораг народу!) не выдаюць матрац і бялізну, будзяць пасярод ночы некалькі разоў, ставяць на расьцяжку, харчуюць адкідамі і падсадзілі да вас, каб жыцьцё мёдам не здавалася, ванючага бамжа з пэдыкулёзам.

Да ўсяго, табе прапануюць пакаяцца ў тым, што ты актыўна хадзіў на мітынгі («Я не хадзіў!» — пратэстуеш ты напачатку), удзельнічаў у пляне «Перамога» («А што гэта за плян?» — наіўна пытаесься ты ў катаў) і данаціў на ўкраінскае войска (тут ты не адмаўляесься, што было, тое было!).

А ўрэшце, пасьля плённае працы сьледчай групы ты згаджаесься з усімі пералічанымі злачынствамі, і суддзя шчодрай рукою выпісвае табе пакараньне, пачуўшы пра якое, ты ледзьве не губляеш прытомнасьць і гаворыш пра ціск падчас сьледзтва, але на гэта ніхто не зьвяртае ўвагі, і ты этапуесься ў мейсца адбыцьця пакараньня пад брэх сабакаў і мат канваіраў.

Тое, што заўсёды з табой

І ўсё, што табе застаецца — весткі з дому, лісты ад неабыякавых людзей, успаміны... І песьні.

Музыку немагчыма сьцерці з памяці — ні спагнаньнем, ні штрафным ізалятарам, ні палітінфармацыяй, ні бязглуздым тэлевізарам. Яна заўсёды з табой.

І як толькі ты захочаш, ты ўключыш гузік «аднаўленьне» ў сваёй галаве, і там загучыць адна з тваіх улюбёных песень, і ты можаш ціха падпяваць, а можаш, каб не злаваць карнікаў, проста слухаць і абстрагавацца ад крыкаў, мату, жоўтых бірак, пачварных правілаў і ўсёй гэтай брыдкай ды вусьцішнай рэчаіснасьці. А калі скончыцца песьня, ты можаш яшчэ раз пракруціць яе ці то ўключыць іншую са свайго багатага шматсьпеўнага плэйліста...

Таму, калі паступіць пытаньне: «Што ты зрабіў добрага ў жыцьці?», дык першае, што прыйдзе ў галаву — я напісаў шэраг песень для віртуальнага плэйліста палітычных зьняволеных. І я ведаю, гэтыя песьні шмат каму дапамаглі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(25)