«Церцель прадэманстраваў вяршыню апаратнай эквілібрыстыкі — аддана глядзеў на патрона і адначасна запісваў»

Палітычны аглядальнік Сяргей Навумчык – пра паводзіны кіраўніка КДБ на сустрэчы з правіцелем 20 мая.

– Часамі дробная дэталь сьведчыць пра агульную атмасфэру, – піша Навумчык. – Асабліва гэта тычыцца кіруючага апарату, дзе нюансы дакладна адлюстроўваюць настроі.

Напрыклад, той, хто даўно сочыць за тэлерэпартажамі з нарадаў, мог заўважыць, што адразу пасьля абраньня Лукашэнкі летам 1994 году пры ягоным зьяўленьні ў залі чыноўнікі ўставалі.

Яшчэ за некалькі месяцаў перад гэтым, пры Мечыславу Грыбу (а ён усё ж быў генэралам і, здавалася б, мусіў надаваць увагу субардынацыі), і яшчэ раней, пры Станіславу Шушкевічу, такога не было. Не прыгадваю, каб уставалі на нарадах пры Кебічу.

А крыху пазьней пры зьяўленьні Лукашэнкі ўставаць пачалі і дэпутаты «палаткі». У нашым Вярхоўным Савеце мы ўставалі толькі вітаючы прэзыдэнта ці сьпікера парлямэнту нейкай дзяржавы — агульнапрынятая міжнародная норма.

А зайшоў Лукашэнка і сеў на прэзыдэнцкае месца — ну, зайшоў. Выйшаў — і слава Богу, лягчэй дыхаць.

Сяргей Навумчык

Днямі паказалі, як Лукашэнка дае ўказаньні старшыні КДБ Церцелю «рашуча спыняць дзейнасьць замежных спэцслужбаў на тэрыторыі Беларусі». Церцель прадэманстраваў вяршыню апаратнай эквілібрыстыкі — аддана глядзеў на патрона, проста ўсмоктваўся ў яго вачыма, і адначасна запісваў.

А магчыма, чэкістаў трэніруюць запісваць з завязанымі вачыма. Цікава, Церцель і пад вадой умее запісваць? А ў вагні?

Іван Церцель

Прыкметна, што Лукашэнка сказаў не «заходнім спэцслужбам», а проста «замежным». Гэта як раней казалі — «іншамарка», хаця ў Беларусі легкавікоў не выраблялі. Нямецкія, японскія, францускія — гэта «інша-», а вось расейскія — свае.

Гэтак і тут: ясна, што замежныя спэцслужбы — літоўскія, польскія, украінскія, ці, не да ночы хай прыгаданае — ЦРУ. А расейская ФСБ — гэта свая, родная. І даўно ўжо адчувае сябе ў Беларусі як дома, прычым не як госьць, а як гаспадар.

Але вернемся да нататніка Церцеля. Канспэктаваньне сказанага Лукашэнкам — стандартная «карцінка», хто б перад ім не сядзеў: генэрал, міністар, кіраўнік прапагандысцкага СМІ. Нават акадэмік.

Ну, а як было ў савецкую эпоху, адкуль Лукашэнка ўсё пераймае, напрыклад, пры Машэраве, якога ў свой час называў эталонам кіраўніка?

Патэлефанаваў я свайму бацьку, які доўгі час быў сакратаром абкаму партыі, і запытаўся, ці мог ён на гутарцы ў Машэрава дастаць нататнік і запісваць тое, што казаў першы сакратар ЦК?

— Ніколі, — быў адказ. — На нейкіх рабочых нарадах, дзе было шмат выступоўцаў і гучалі лічбы ці факты, якія маглі быць карыснымі, — той, хто хацеў, запісы для памяці рабіў. Але каб на асабістых гутарках у Машэрава, дзе насупраць яго сядзелі адзін ці два чалавекі — ніколі. Такое проста не было прынята.

Калі б я дастаў нататнік і пачаў за ім запісваць, у лепшым выпадку ў Машэрава ўзьнікла б пытаньне, ці ўсё ў мяне ў парадку з галавой.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(69)