Цыганкоў: «Лукашэнку ніхто не ўспрымаў у якасці рэальнага канкурэнта на прэзідэнцкіх выбарах»

Журналіст Радыё Свабода успамінае, як Лукашэнка прыйшоў да ўлады.

— Некалькі розных успамінаў, рэфлексій і думак з нагоды сённяшняй сумнай даты – 30 год таму адбыўся другі тур першых прэзідэнцкіх выбараў, — піша Віталь Цыганкоў.

Віталь Цыганкоў

1. Як толькі былі прызначаны выбары, каманда Зянона Пазьняка адной з першых абвесціла пра стварэнне ініцыятыўнай групы. Памятаю, падыходжу я да аднаго з намеснікаў апазіцыі БНФ у Вярхоўным Савеце і кажу яму – можа, варта не спяшацца, можа варта весці перамовы з іншымі — Шушкевічам, Карпенкам — пра кааліцыю і вылучэнне нейкага адзінага кандыдата.

Ён мне адказвае, што ў гэтым няма патрэбы, мы ідзем самастойна. Я кажу — «ну дык Зянон жа ўсё роўна не выйграе». Ён — «можа, і не выйграе, а можа, і выйграе. Але 40 працэнтаў, якія ён набярэ ў другім туры, будуць важнай вехай для далейшай палітыкі, у наступным годзе парламенцкія выбары».

Можна, канешне, іранізаваць наконт таго, наколькі неадэкватна на той момант БНФ (ды не толькі БНФ, вядома) ацэньваў беларускае грамадства. Аднак у абарону такога погляду (пра 40 працэнтаў) скажу, што калі б не было Лукашэнкі, то гэта і быў бы найбольш верагодны сцэнар — што ў другі тур выходзяць Кебіч і Пазьняк, альбо Кебіч і Шушкевіч.

2. Калі пасля прыняцця Канстытуцыі даволі хутка прынялі закон аб выбарах прэзідэнта, то Сяргей Навумчык даў мне яркі каментар з такой цытатай – «гэта закон аб выбарах прэзідэнтам Вячаслава Кебіча». Нягледзячы на ўвесь шумны антыкарупцыйны даклад, Лукашэнку ніхто не ўспрымаў у якасці рэальнага канкурэнта на прэзідэнцкіх выбарах. Разважалі хіба пра тое, у каго ён забярэ галасы.

Дарэчы, сам Сяргей Навумчык якраз адзін з нямногіх бачыў у Лукашэнку рэальную пагрозу, нядаўна на Юцюбе Свабоды была вельмі цікавая размова з ім Дзмітрыя Гурневіча.

Гурневіч настойліва задаваў пытанні, чаму БНФ падчас выбарчай кампаніі амаль не нападаў на Лукашэнку, а толькі на Кебіча. Навумчык адказваў, што апазіцыя яшчэ раней, у 1993-м, патрабавала пазбавіць Лукашэнку дэпутацкіх паўнамоцтваў. Але адно іншаму не перашкаджае, і факт у тым, што ў выбарчай кампаніі Пазьняка фактычна гучала толькі крытыка наменклатуры і злодзеяў ва ўрадзе Кебіча, Лукашэнку амаль не чаплялі.

Больш за тое, як мне распавядалі людзі з тагачаснага фронтаўскага кіраўніцтва, у пэўны момант яны пачалі пераконваць Зянона, што трэба пачаць выступаць і супраць Лукашэнкі, на што ён доўга не пагаджаўся, не бачачы ў гэтым вялікага сэнсу.

Але і гэта можна патлумачыць! (Бачыце, як я люблю апраўдваць нейкія памылкі людзей. Хутчэй, не апраўдваць, а тлумачыць абставіны, месца і матывы, якія да іх прыводзілі). Рэч у тым, што Лукашэнка сапраўды не ўяўляўся пагрозай па многіх прычынах.

Спачатку не было зразумела, ці збярэ ён подпісы, бо ў яго не было толкам каманды, потым яго маглі не зарэгістраваць, бо ён падаў дакументы ў ЦВК з памылкамі. І да самага апошняга моманту ў Лукашэнкі не было пераможнага рэйтынгу, што і фіксавалі сацыёлягі. Рэйтынг пачаў радыкальна расці ў траўні-чэрвені — я думаю, з-за двух падзей.

Па-першае, тое, што Кебічу так і не ўдалося падпісаць «рублёвую зону», на чым будавалася ў значнай ступені ягоная кампанія — а людзі ж чакалі, што разбагацеюць на абмене беларускіх зайчыкаў на расійскія рублі. І па-другое, «замах» на Лукашэнку ў Лёзна, якія адбыўся за тыдзень да першага туру выбараў.

3. Добра памятаю нататкі ў газеце Свабода Алеся Бяляцкага, які збіраў подпісы за Пазьняка і дзяліўся сваімі ўражаннямі. Сярод іншага, яго здзіўлялі людзі, якія падпісваліся за Зянона, а потым пыталіся — «а падкажыце, дзе можна падпісацца за Лукашэнку?»

Я сам тады рабіў у Менску вулічныя апытанні для Associated Press і мне казалі, што будуць галасаваць за Пазьняка і рускамоўны міліцыянт («Пазьняк навядзе парадак») і рускамоўны чыноўнік (сказаў, што працуе ў нейкім міністэрстве, і галасуе за Пазьняка, бо ён за Еўропу).

У мяне і тады і зараз было ўражанне, што за Пазьняка галасавала не столькі беларускамоўная творчая інтэлігенцыя (якой проста статыстычна мала, і, магчыма, значная частка яе галасавала за Шушкевіча), а людзі, якія бачылі ў ім «моцную руку, якая навядзе парадак» (плюс рэгіянальны каталіцкі чыннік, як паказвае мапа галасавання па раёнах, тая самая Вэйшнорыя).

А цяпер глядзіце, што адбылося ў другім туры. У першым Кебіч набраў 17 працэнтаў, а ў другім...14!) Лукашэнка — у першым 45, у другім 80. Унікальная сітуацыя ў сусветнай гісторыі, калі кандыдат выходзіць у другі тур і там набірае менш, чым у першым!

То бок, па-першае, згуляў чыннік перабягання да пераможцы, добра вядомы ў сацыялогіі. А па-другое, аб’ектыўна трэба канстатаваць, што ў другім туры за Лукашэнку масава галасавалі і электарат Пазьняка, і нават Шушкевіча (нават нягледзячы на меншую яўку, частка з гэтых амаль 23 працэнтаў, аддадзеных за Пазьняка — 12.8 — і Шушкевіча (9.9), пайшла і прагаласавала за Лукашэнку ў другім туры).

Антынаменклатурныя, антыўрадавыя электараты Лукашэнкі і Пазьняка ў пэўным працэнце скрыжоўваліся. Проста Лукашэнка ў сваім патасе пайшоў далей, за межы прыстойнага («Я пасаджу Кебіча», «у сваіх крадзеных палацах не схаваецеся», «каля карыта ўсе рохкаюць аднолькава — і правыя і левыя») — і перацягнуў гэты антыўладны электарат на сябе.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.3(7)