Цыганкоў: «Сабаленка хоча застацца сваёй і тут, і там»

Палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў у каментары Радыё Свабода паразважаў, чаму Арына Сабаленка магла пазьбягаць палітычнага складніку візыту ў Менск.

Фота: instagram.com/firstandredcom/

Першая ракетка сьвету наведала Менск, адкрыла тэнісную школу і сустрэлася з прыхільнікамі. Пры гэтым яе візыт адбыўся без сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам, хоць раней такія сустрэчы са знакамітымі беларускімі спартоўцамі адбываліся.

— Падчас візыту ў Менск вакол Сабаленкі была ўзмоцненая ахова. Журналістам загадзя паведамілі, што па-за афіцыйным сцэнаром задаваць асабістыя ці палітычныя пытаньні нельга, інтэрвію таксама не прадугледжваліся. Віталь, але калі б усё ж можна было задаць пытаньне Арыне, пра што б вы яе запыталі?

— Я б не задаваў ёй нейкіх рэзкіх палітычных пытаньняў. Мне было б цікавей даведацца, наколькі сёньня яна сама адчувае сябе беларускай. Ці чытае яна беларускіх пісьменьнікаў, ці слухае беларускую музыку, ці цікавіцца беларускай культурай?

Бо яна ўжо даўно жыве ў ЗША, у Маямі, стала сусьветнай зоркай і ў Беларусь прыяжджае нячаста. Мне цікава, ці застаецца ў яе нешта большае за беларускі пашпарт — нейкае ўнутранае адчуваньне беларускасьці.

Пра гэта замежныя журналісты яе амаль не пытаюцца, а беларускім журналістам, як мы бачым, такія пытаньні фактычна задаваць не дазваляюць.

— Арына Сабаленка ў Менску гаварыла пераважна пра дзяцінства і спорт. Няма пацьверджанай інфармацыі, што падчас гэтага візыту Сабаленка сустракалася з Аляксандрам Лукашэнкам або што такая сустрэча рыхтавалася. Чаму не адбылася сустрэча з Лукашэнкам?

— Калі сапраўды было прынятае рашэньне не праводзіць такую сустрэчу, то, думаю, гэта была ініцыятыва самой Сабаленкі ці яе каманды.

Яны, відаць, палічылі, што дастаткова ўжо таго, што яна прыехала ў Беларусь, адкрыла тэнісную школу, паказала, што яе тут добра сустракаюць. Гэта ўжо ў пэўным сэнсе працуе на дзяржаўную прапаганду.

А вось сустрэча з Лукашэнкам магла выклікаць непатрэбныя нэгатыўныя наступствы на Захадзе. Не арганізацыйныя ці спартовыя, але інфармацыйныя.

Зноў пачалі б пісаць, што яна сустрэлася з кіраўніком краіны, дзе працягваюцца рэпрэсіі. Думаю, Сабаленка сказала беларускаму боку: гэтага ўжо дастаткова, далей прывязваць мяне да палітыкі не патрэбна. І беларускія ўлады пагадзіліся.

— Безумоўна, сам Лукашэнка быў бы зацікаўлены ў такой сустрэчы. Дастаткова ўспомніць, як у 2010 годзе ён выходзіў на корт разам зь Вікторыяй Азаранкай і Каралін Вазьняцкай...

— Ёсьць яшчэ адзін момант. Сёньня ягоны фізычны стан ужо не дазваляе яму паўтарыць падобнае. Калісьці ён мог выйсьці на корт, цяпер гэта выглядала б ужо зусім інакш. Акрамя таго, сама Сабаленка ўжо казала, што не падтрымлівае палітыку Лукашэнкі. Пасьля такіх словаў сустракацца зь ім было б нелягічна.

— Ці трэба ацэньваць спартовых зорак таксама праз прызму іх грамадзянскай пазыцыі?

— Думаю, так. Але важна захоўваць адчуваньне меры. Яшчэ ў 2013 годзе я пісаў артыкул «Ці павінны мы ганарыцца Азаранкай?». Тады гэта было даволі незвычайнае пытаньне.

Большасьць казала: дастаткова таго, што яна праслаўляе Беларусь сваімі перамогамі. Пасьля 2020 году ўсё моцна зьмянілася. Для многіх беларусаў грамадзянская пазыцыя спартоўцаў стала не менш важнай, чым іхнія спартовыя вынікі. Спачатку многія выступілі супраць гвалту.

Гэта быў агульны настрой грамадзтва. Але калі пратэсты былі задушаныя, улада пачала вяртаць кантроль, і частка тых, хто асуджаў гвалт, пазьней ужо падтрымала Лукашэнку.

Улада разумее, што спартоўцы маюць вялікі ўплыў на грамадзтва. Але ўсё ж ня варта патрабаваць ад кожнага спартоўца геройства. Трэба разумець межы таго, што чалавек можа зрабіць.

— Складаецца ўражаньне, што на Захадзе Сабаленку любяць больш, чым частка беларускіх дэмакратычна настроеных беларусаў. Чаму?

— Яна сапраўды адна з самых папулярных тэнісістак сьвету. Ужо шмат тыдняў займае першае месца ў рэйтынгу WTA, супрацоўнічае зь вядомымі брэндамі, здымаецца для сусьветных выданьняў.

Але ў мяне даўно склалася ўражаньне, што палітыка яе проста шчыра не цікавіць. Бываюць людзі, якія маўчаць, хоць ім ёсьць што сказаць. А бываюць тыя, каму проста няма чаго сказаць на гэтую тэму.

Мне здаецца, Сабаленка — якраз другі выпадак. Яна цалкам жыве тэнісам і сапраўды хацела б толькі аднаго: каб яе пакінулі ў спакоі і дазволілі гуляць.

— Чаму яна застаецца такой асьцярожнай у сваіх выказваньнях?

— Тут некалькі прычынаў. Па-першае, ёй, відавочна, не хацелася б страціць магчымасьць прыяжджаць у Беларусь, сустракацца са сваякамі і сябрамі.

Па-другое, яна не бачыць вялікага сэнсу ў рэзкіх палітычных заявах. У 2020 годзе многія людзі падпісвалі лісты супраць гвалту, бо верылі, што гэта можа нешта зьмяніць.

Сёньня яна, напэўна, разважае інакш: нават калі выступіць вельмі рэзка супраць Лукашэнкі, гэта не наблізіць пераменаў у Беларусі.

Максымум — яна атрымае яшчэ большую падтрымку дэмакратычна настроеных беларусаў. Але, відаць, для яе гэта не настолькі істотна.

— Калі б вы цяпер пісалі блог пра Арыну Сабаленку, як бы яго назвалі?

— Я назваў бы яго так: Чаму Сабаленка хоча застацца сваёй і тут, і там. Мне здаецца, гэты загаловак найбольш дакладна апісвае яе цяперашнія паводзіны. Гэта гаворыць не толькі пра саму Сабаленку, але і пра наш час, пра тую дылему, перад якой стаяць вядомыя спартоўцы. Многія зь іх імкнуцца не адштурхнуць ніводную частку сваёй аўдыторыі.

— 21 студзеня 2026 году Сабаленка зноў заявіла, што «ня хоча гаварыць пра палітыку», камэнтуючы заклік украінскай тэнісісткі Аляксандры Алійнікавай забараніць удзел беларускіх і расейскіх гульцоў у міжнародных тэнісных турнірах. 25-гадовая Алійнікава, бацька якой ваюе на перадавой ва Ўкраіне, назвала прысутнасьць спартоўцаў з гэтых дзьвюх краінаў «вельмі няcлушнай», пакуль працягваецца вайна. Як ты аценьваеш пазыцыі беларускай і украінскай тэнісыстак?

— Калі казаць пра Сабаленку, то цяжка ўявіць, што яна магла б адказаць інакш. Яна ня можа сказаць, што падтрымлівае ўласнае адхіленьне ад турніраў. Таму яна паўтарае: я супраць вайны, але працягваю гуляць, пакуль мне гэта дазваляюць.

Што да ўкраінскіх спартоўцаў, то іхняя пазыцыя мне цалкам зразумелая і з чалавечага, і з маральнага пункту гледжаньня. Яны ўспрымаюць Расею і Беларусь як краіны-агрэсары.

читайте также

Аднак апошнім часам адбываецца іншы працэс. Усё больш міжнародных фэдэрацый вяртаюць беларускіх і расейскіх спартоўцаў да ўдзелу ў спаборніцтвах.

Гэта можна трактаваць як прыкмету таго, што міжнародная супольнасьць паступова стамляецца ад вайны. Хоць сама вайна працягваецца, Расея і далей абстрэльвае ўкраінскія гарады, а людзі працягваюць гінуць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(2)