Фотафакт. Святлана Ціханоўская ўшанавала ў Кіеве памяць загінулых беларусаў

Лідарка дэмэкратычных сіл Беларусі Святлана Ціханоўская знаходзіцца з працоўным візітам ва Украіне. 26 траўня яна ўсклала кветкі беларускім героям і ўдзельнікам Рэвалюцыі Годнасці.

Усе фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай

— Майдан — гэта месца, дзе беларусы і ўкраінцы разам змагаліся за права самім вызначаць сваю будучыню, — прыводзяць словы Ціханоўскай у яе Telegram-канале. — Тут луналі і беларускія бел-чырвона-белыя сцягі, і многія беларусы стаялі побач з украінцамі ў самыя драматычныя моманты Рэвалюцыі Годнасці.

Для нас вельмі важна, што ў самым сэрцы Кіева ёсць гэтае месца памяці пра беларускіх добраахвотнікаў, якія змагаліся не за чужую краіну, а за нашую агульную свабоду і еўрапейскую будучыню.

Святлана Ціханоўская таксама ўсклала кветкі Міхаілу Жызнеўскаму, герою Нябеснай Сотні, і журналісту Паўлу Шарамету.

Таксама яна ўшанавала памяць Уладзіміра Караткевіча, класіка беларускай літаратуры.

— Уладзімір Караткевіч фактычна адкрыў Беларусь для саміх беларусаў. Ён вярнуў нам гісторыю, годнасць, мову і разуменне таго, што Беларусь — гэта еўрапейская нацыя з глыбокай культурай і сваёй унікальнай гісторыяй.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(1)