Што да мяне — мне вельмі карцела ператварыцца, нарэшце, з аб’екту ў суб’ект. Таму я дадаў на плакат адзін знак. Клічнік.
Максім Знак: Яшчэ пытанне, хто больш пакараны – тыя, хто ў камерах, ці тыя, хто па той бок дзвярэй
Былы палітвязень, адвакат Максім Знак днямі прыехаў у Вільню, каб зняць плакат са сваім партрэтам насупраць амбасады Беларусі. «Салідарнасць» пабывала на сустрэчы юрыста з беларускай супольнасцю і расказвае падрабязнасці.
Юрыст Максім Знак вядомы як адзін з сімвалаў барацьбы беларусаў за дэмакратычныя перамены ў нашай краіне. Увосень 2021 года ўлады прысудзілі яму 10 год пазбаўлення волі па «палітычных» артыкулах, якія рэжым шырока выкарыстоўвае супраць сваіх апанентаў. Але ж у снежні 2025-га дзякуючы высілкам амерыканскіх дыпламатаў яго «памілавалі» і, як многіх іншых былых палітвязняў, прымусова вывезлі з краіны.
Цягам некалькіх год у сталіцы Літвы, акурат насупраць амбасады РБ, вісеў плакат з партрэтам юрыста і заклікам «Stop torturing Maksim Znak» — патрабаваннем спыніць катаванні не толькі Знака, але і соцень беларускіх палітвязняў, якія зазналі жорсткае абыходжанне, псіхалагічны і фізічны гвалт, утрымліваліся ў рэжыме інкамунікада без аніякай сувязі з блізкімі.
20 ліпеня 2026 года Максім асабіста прыехаў у Вільню на «Варту Святла», каб «асабіста зняць партрэт і ператварыцца з аб’екту ў суб’ект». Да гэтай падзеі далучыліся прадстаўнікі дыпламатычнага корпусу, Літоўскай калегіі адвакатаў, а таксама беларускія актывісты.
— Знаходзіцца на волі і ведаць, што ты з’яўляешся прыкладам катаванняў — такія сабе адчуванні, — прызнаўся юрыст. — Я лічу, што трэба казаць і нагадваць пра тых, хто сёння за кратамі.
На месцы банера, паведамілі актывісты, зноў з’явіцца «Счэпка» — вядомы здымак літоўскага фатографа Дэніса Веяса, які быў відавочцам пратэстаў у Беларусі і глыбока ўразіўся смеласцю грамадзянскага супраціву і жорсткасцю сілавікоў. Гіганцкае фота на знак салідарнасці з беларусамі размясцілі насупраць амбасады РБ у Літве яшчэ падчас кавіднага карантыну. А цяпер вярнулі яго зноў, як напамін пра неперагорнутую старонку і падтрымку міжнароднай супольнасці.
Падчас акцыі салідарнасці Максім Знак падзякаваў за яе літоўскаму і амерыканскаму боку, а таксама выказаў спадзеў, што гэтая праца працягнецца і неўзабаве з-за кратаў у Беларусі выйдуць усе палітычныя зняволеныя.
У той жа час ён падкрэсліў, што беларусы працягваюць заставацца ў сітуацыі няволі, тысячы людзей не могуць вярнуцца дамой, аднавіць дакументы, карыстацца маёмасцю, рэалізоўваць іншыя правы. І за ўчыненыя супраць людзей злачынствы, за катаванні і рэпрэсіі рана ці позна вінаватыя адкажуць паводле закону, упэўнены Знак.
Увечары ж сустрэча працягнулася ў Доме нацыянальных супольнасцяў. Максім Знак прывёз у Вільню сваю кнігу гісторый з СІЗА «Зэкамерон», таксама адбыўся нефармальны канцэрт у тандэме з сябрам-юрыстам і музыкам Уладзімірам Пыльчанкам, і жывая размова пра адаптацыю на волі, цяперашні стан і планы.
— Па памяці я аднаўляю яшчэ некалькі кніг, — распавёў Максім, — бо ўсе запісы, якія я рабіў, канешне ж забралі.
Напаўжартам ён дадае: хочацца пісаць пра каханне ці падарожжы, але выдаўцы, натхнёныя поспехам «Зэкамерону», патрабуюць: «не, пішы пра турму».
Праз месяц-два пабачыць свет новая кніга пад назвай «Каланісты»: пра няволю і людзей, якія жывуць у ёй, многія шмат год. І яшчэ пытанне, хто з іх больш пакараны: тыя, хто ў камерах, ці тыя, хто па той бок дзвярэй.
Дарэчы, і за кратамі, прызнаўся Максім, ён імкнуўся захоўваць у сабе эмпатыю да іншых людзей. Магчыма, таму прэтэнзій да турэмшчыкаў у яго нашмат менш, чым да ўласна архітэктараў рэпрэсій, якія дзеля захавання рэжыму Лукашэнкі запусцілі і працягваюць пашыраць жудасную машыну палітычнага пераследу беларусаў.
Гэтак сама за кратамі з’яўляліся песні і вершы: спачатку, проста каб не звар’яцець ва ўмовах ШІЗА, Максім перакладаў у думках вершы вядомых аўтараў, потым пачалі складвацца свае. Вынесці іх з-за кратаў атрымалася толькі ва ўласнай памяці.
Затое сёння ўжо запісаныя кліпы на песні «Ходзікі» і «Белая пена», Вольнымі Купалаўцамі створаны спектакль «Зэкамерон» а гурт J:MOPC выдаў цэлы альбом на вершы палітвязняў, у тым ліку Максіма Знака. І наперадзе, не выключана, яшчэ адзін — у удзелам самога аўтара і выканаўцы.
— Мне прапанавалі літаратурную рэзідэнцыю ў Германіі, — распавёў Максім Знак, — таксама будзе рэзідэнцыя ў Зальцбургу, і гэта добрая магчымасць дастаць з галавы тыя рукапісы, якія ў мяне забралі (а я напісаў 18 кніжак, 5 тысяч старонак у кожную клетачку). Дапішу яшчэ адну кніжку пра турму, потым планую ўзяцца за штосьці іншае.
Ёсць яшчэ творчыя планы зрабіць нейкі альбомчык з песень, некаторыя з якіх пакуль што толькі ў мяне ў галаве. Але цяпер такое жыццё, каб нават проста патэлефанаваць сябру, трэба тры гадзіны ўзгадняць у мэсэнджэрах дзень і час, а ўжо каб знайсціся прафесійным музыкам… Апошнія чатыры месяцы мы спрабуем сабрацца разам у часе і прасторы, каб усё-ткі сесці і запісаць альбом. Можа быць, цягам гэтага года атрымаецца.
Да няволі Максім Знак шмат займаўся спортам, захапляўся бегам і трыятлонам. Калонія ледзьве не перакрэсліла гэтую гісторыю — у нейкі час, згадвае юрыст, у яго пачалі адмаўляць ногі. Мясцовыя эскулапы выказаліся, маўляў, наперадзе толькі інваліднасць. Але блізкім цудам удалося перадаць юрысту комплекс практыкаванняў, адмыслова распрацаваны лекарам — і праз некалькі месяцаў атрымалася аднавіцца.
На волі, пасля першай спробы прабегчы 7 кіламетраў, здароўе зноў «пасыпалася». Давялося наноў праходзіць курс лекавання і шматлікіх фізіятэрапеўтычных працэдур.
— Апошнія навіны з гэтага фронту — я прабег 10-ку, і са мной нічога не было, — кажа Максім Знак. — Таму са жніўня я збіраюся вярнуцца да заняткаў спортам.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное