Пра што Ціханоўская гаворыць з удзельнікамі саміту НАТА у Вашынгтоне

Працягваецца візіт Святланы Ціханоўскай у ЗША — з 9 па 12 ліпеня лідарка дэмакратычных сіл Беларусі знаходзіцца ў Вашынгтоне, дзе бярэ ўдзел у Публічным форуме НАТА, а таксама выступае на шэрагу іншых мерапрыемстваў саміту і расказвае пра бягучую сітуацыю і найбольш вострыя праблемы беларусаў.

Фота @parlamentbel

Нагадаем, крыху раней, у траўні, адбылася першая публічная сустрэча Святланы Ціханоўскай з генсакратаром НАТА Енсам Столтэнбергам, на запрашэнне якога і адбыўся цяперашні візіт.

Як адзначыла палітык напярэдадні цяперашняга візіту, яна лічыць важнай задачай абмеркаваць ролю нашай краіны ў рэгіянальнай стабільнасці і бяспецы, асабліва ў кантэксце расійскай агрэсіі супраць Украіны:

— Беларусь павінна быць успрынятая не толькі як пагроза, але і як магчымасць, — падкрэсліла  Святлана Ціханоўская. — Мы павінны зрабіць усё магчымае, каб Беларусь не стала суцяшальным прызам для Пуціна. Падчас саміту ў мяне будзе магчымасць правесці перамовы з прадстаўнікамі і саюзнікамі НАТА і ўдасканаліць нашыя пазіцыі, працэсы абмену інфармацыяй ды супрацоўніцтва ў медыяполі.

Таксама да саміту ў The Washington Post выйшла калонка, якую напісалі сумесна Святлана Ціханоўская і Нэнсі Пэлосі, дэпутатка палаты Прадстаўнікоў кангрэса ЗША і першая жанчына-спікерка ў гісторыі Амерыкі.

Аўтаркі адзначылі «наступ тыраніі на Усходнюю Еўропу» і заклікалі ўзмацніць ціск на дыктатараў, якія, на іх думку, ўяўляюць для свету такую ж пагрозу, як у свой час Адольф Гітлер.

– Нашыя саюзнікі і партнёры павінны распачаць крокі па падтрымцы дэмакратычнага руху ў Беларусі, — гаворыцца ў артыкуле, – адначасова ўзмацняючы ціск на пуцінскага сябра Лукашэнку – і, як вынік, на самога Пуціна.

— Першы крок — забяспечыць прытулак беларускім актывістам, якія маюць у гэтым патрэбу; аказаць усебаковую дапамогу незалежным СМІ, грамадзянскай супольнасці, праваабаронцам і рэпрэсаваным.

Другі крок — жорсткія санкцыі супраць Расіі, ізаляцыя Пуціна і яго эканомікі ад дэмакратычнага свету.

Трэці крок — уключыць рэжымы Пуціна і Лукашэнкі ў спіс «дзяржаўных спонсараў тэрарызму.

…Беларусы і ўкраінцы, якія змагаюцца за свабоду, маюць агульныя рысы. У барацьбе за сваё вызваленне яны з'яўляюцца маякамі свабоды для Еўропы — і для ўсяго свету. Мы павінны быць поруч з імі, пакуль дэмакратыя не пераможа.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.3(12)