Общество

Кацярына Батлейка

«У беларусаў сфармулявалася новае вызначэнне свабоды: гэта калі ідзеш з тэлефонам па вуліцы і не баішся»

У Варшаве прэзентавалі вынікі сацыялагічнага даследвання на тэму нацыянальнай ідэнтычнасці жыхароў Беларусі. Даследаванне было праведзена аналітычнай сацыялагічнай майстэрняй пад кіраўніцтвам прафесара Андрэя Вардамацкага.

Вардамацкі адзначыў, што рэспандэнты даследвання — беларусы і беларускі ўнутры краіны з розных рэгіёнаў, рознага ўзросту і рознай палітычнай арыентацыяй. Метад даследвання: глыбінныя інтэрв’ю.

Па словах прафесара, зараз адбываецца два супрацьлеглых працэсы. З аднаго боку назіраецца змяншэнне колькасці гадзін выкладання беларускай мовы, беларускамоўных класаў і г.д. Разам з тым людзі прыводзяць прыклады, якія кажуць, што ў Беларусі адбываецца пашырэнне ўжывання беларускай мовы.

— Зараз шмат людзей вучаць беларускую мову. Такога раней не было, — сказаў адзін з рэспандэнтаў.

Адна з рыс характару беларусаў, адзначае прафесар, — гэта тое, што нам не патрэбны чыйсьці загад, каб нешта рабіць.

— Я звярнуў увагу на гэта, бо калі вывучаў сацыяльна-псіхалагічныя характарыстыкі пратэстоўцаў у 2020 годзе, адна з характарыстык палягала на тым, што адсутнічала псіхалагічная патрэба фізічнай прысутнасці лідара. Было плывучае лідарства звычайных людзей. І кожны раз гэта лідарства з'яўлялася.

Тады я думаў, што гэта вельмі спецыфічная рыса 2020 года, якая ўзнікла напярэдадні гэтых падзеяў. Але са слоў рэспандэнтаў я зразумеў, што гаворка ідзе аб больш агульнай рысе, якая была і ёсць. Гэта рыса нашага нацыянальнага характару.

На прэзентацыі даследвання было адзначана, што вайна Расіі супраць Украіны з аднаго боку і асэнсаванне 2020 года з другога, акцэнтавалі такія рысы нацыянальнага характару як міралюбства, эмпатыя і меншая жорсткасць. Раней жа дамінавалі такія рысы як працавітасць, законапаслухмянасць і талерантнасць.

Акрамя таго, у рэспандэнтаў таксама спыталі, ці можа Беларусь існаваць адна, без падтрымкі моцнага суседа. У адказах беларусы адзначылі, што геаграфічнае размяшчэнне Беларусі — гэта гарант магчымасці самаснага існавання.

— Таксама рэспандэнтам зачытваліся фармулёўкі з праграмы нацыянальнага адраджэння Беларусі. У асноўным людзі пагаджаліся, але былі і заўвагі. Напрыклад, на фармулёўку «безумоўны суверэнітэт нацыі і дзяржавы» некаторыя рэспандэнты адказвалі , што «у наш час нічога безумоўнага не бывае і што мы не можам быць безумоўна незалежнымі, бо гэта ўтопія».

Таксама трыгерным быў выраз «нацыі як супольнасці». Рэспандэнты прапанавалі замяніць слова супольнасць, бо ў рэчаіснасці немагчымыя ніякія супольнасці – улады зачыняюць аб’яднанні.

Андрэй Вардамацкі падкрэсліў, што ў беларусаў сфармулявалася новае вызначэнне свабоды.

— Свабода — гэта калі ідзеш з тэлефонам па вуліцы і не баішся гэтага.

Таксама прафесар адзначыў, што не ўсе беларусы адчувалі з дзяцінства, што яны беларусы. Больш за тое, многія казалі, што ў дзяцінстве адчувалі сябе рускімі. А ўжо на працягу жыцця ўсведамлялі, што яны беларусы.

Па выніках даследвання таксама бачна, у чым ёсць адрозненні паміж прыхільнікамі дзеючай ўлады і прыхільнікамі перамен.

— Калі праўладным людзям кажаш, што будзеш з імі размаўляюць пра нацыянальную ідэнтычнасць, то тыповая рэакцыя такая: для гэта ёсць іншыя спецыяльныя людзі, няхай яны над гэтым працуюць. То бок з іх боку адбываецца перакладанне адказнасці наверх і нежаданне ўдзельнічаць у рашэннях. Пры гэтым у прыхільнікаў перамен ёсць псіхалагічная патрэба ўдзельнічаць у працэсе прыняцця рашэнняў.

Таксама з двух бакоў кажуць, што любяць сваю краіну. То бок эмоцыя адна і тая ж — люблю сваю краіну, але напаўненне — ідэалагічнае, культурнае – зусім рознае.

Прадстаўніца АПК па нацыянальным адраджэнні Аліна Коўшык адзначыла, што прапаганда ў Беларусі спрабуе раз’яднаць беларусаў, у тым ліку тых, хто застаўся і з’ехаў. Таму гэтае глыбіннае даследаванне — шанец знайсці кропкі, якія нас аб’ядноўваюць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.3(21)