Политика

Андрэй Карась

«Вязуць і гагочуць». Дашкевіч расказаў, кнігу на якую тэму хацеў бы прачытаць

21 мая ў Вільні праходзіць III Кангрэс па палітзняволеных у Беларусі. Што адзначылі ў сваіх выступах Святлана Ціханоўская і Зміцер Дашкевіч?

ІІІ Кангрэс па палітзняволеных у Беларусі сабраў былых палітвязняў, родных зняволеных, праваабаронцаў, дыпламатаў для абмеркавання метадаў праваабарончай працы і пошуку новых шляхоў дапамогі палітвязням.

На адкрыцці Кангрэсу Святлана Ціханоўская падзякавала ЗША, ЕС, Канадзе, Вялікабрытаніі, Нарвегіі, Украіне, Літве і Польшчы за падтрымку беларускіх палітвязняў і іх сем’яў.

Святлана Ціханоўскай падчас выступу на Кангрэсе 21 мая 2026 г. Фота: Lookby.media

Таксама яна выказала падзяку амерыканскім дыпламатам за лідарства ў дыпламатычным трэку па вызваленні зняволеных, праваабарончым арганізацыям «Вясна» і «Дом правоў чалавека», Міжнароднаму гуманітарнаму фонду, праграме Libereco, Freedom House, а таксама валанцёрам, юрыстам, псіхолагам і ініцыятывам, якія дапамагаюць рэпрэсаваным і вызваленым беларусам.

У рамках першага дня Кангрэса адбылося некалькі дыскусій. Сярод іх – «Зацемкі з БЕЛАГу: беларуская турэмная літаратура як акт салідарнага сведчання».

Былы палітзняволены і аўтар зборніка апавяданняў «Чарвяк» Зміцер Дашкевіч згадаў момант, калі чаканае вызваленне змянілася для яго чарговым прысудам:

— Вязуць і гагочуць: а ты відзел, яго ўстрачаюць, га-га. Наста з дзецьмі збіраліся мяне сустракаць, упрыгожылі кватэру, хоць не зіма была – ялінку паставілі: сын хацеў, каб тата Раство адзначыў. І тут следчы тэлефануе жонцы і кажа: яго пераарыштавалі. Не ведаю, што Наста тады перажыла, а трэба ж і дзецям сказаць: таты не будзе сёння. Дзеці ў слёзы: як не будзе? А гэтыя гагочуць...

Зміцер Дашкевіч. Фота: Lookby.media

Крыміналкі выдумлялі са столі. Глядзіш на гэтых людзей: афіцэры, майоры, падпалкоўнікі, палкоўнікі... Фальсіфікуюць справы, ведаючы, што гэтым забіраюць у цябе дзяцей. А пасля едуць дахаты і што — цалуюць дзяцей сваіх? Я ў некаторых запытваўся: пра што ты думаеш?

На думку Дашкевіча, гэта было б цікавай тэмай, якую было б варта раскрыць у асобнай кнізе.

21 траўня ў Беларусі адзначаецца Дзень салідарнасці з палітзняволенымі — дата была ініцыявана «Вясной» у памяць пра палітвязня Вітольда Ашурка, які загінуў у шклоўскай калоніі ў 2021 годзе. Сёння ў Беларусі як мінімум 841 чалавек застаецца за кратамі па палітычных матывах. З 2020-га 9 памерлі за кратамі.

Фота: Lookby.media

III Кангрэс па палітзняволеных у Беларусі працягнецца 22 мая ў Вільні.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)