ЗША афіцыйна папрасілі тры краіны зьняць санкцыі зь беларускага калію
Злучаныя Штаты афіцыйна папрасілі Літву, Польшчу і Ўкраіну зьняць санкцыі зь беларускага калію, каб дазволіць транзыт гэтай прадукцыі празь іхную тэрыторыю. Пра гэта сьведчыць ліст амэрыканскага спэцпрадстаўніка ў Беларусі Джона Коўла ў адрас трох сталіцаў, зь якім азнаёмілася Радыё Свабода.
У аднастаронкавым дакумэнце гаворыцца: «Цяпер, калі Злучаныя Штаты зьнялі амэрыканскія санкцыі зь «Беларуськалію», амэрыканскія кампаніі зацікаўленыя ў набыцьці і транспартаваньні беларускага калію. Для гэтага спатрэбіцца транзыт праз краіны ЭЗ, якія мяжуюць зь Беларусьсю, або праз Украіну, каб пазьбегнуць транспартаваньня праз Расею».
У звароце таксама адзначаецца, што «Злучаныя Штаты зацікаўленыя ў вывучэньні патэнцыйных маршрутаў для транзыту беларускага калію з мэтай зьмякчэньня глябальнага дэфіцыту праз Польшчу, Літву або Ўкраіну і чакаюць будучых абмеркаваньняў гэтай тэмы зь вамі».
Міністэрства замежных справаў Украіны пацьвердзіла Радыё Свабода, што атрымала гэты ліст. Міністэрствы замежных справаў Польшчы і Літвы пакуль не адказалі на запыты Радыё Свабода. Аднак нядаўна міністар замежных справаў Літвы Кястуціс Будрыс прызнаў, што Вашынгтон аказвае ціск на краіну з патрабаваньнем дазволіць транзыт беларускай прадукцыі.
Акрамя зьмякчэньня ў сакавіку абмежавальных захадаў супраць беларускага калійнага гіганта «Беларуськалій» Вашынгтон таксама выключыў з санкцыйнага сьпісу ягонае маркетынгавае падразьдзяленьне — «Беларускую калійную кампанію», а таксама кампанію «Аграразьвіцьцё» пасьля дасягнутай дамоўленасьці аб вызваленьні 250 палітычных зьняволеных у Беларусі.
Гэтыя санкцыі дзейнічалі з 2021 году. Тады рэжым Аляксандра Лукашэнкі прымусіў да пасадкі ў Менску пасажырскі самалёт Ryanair, які ляцеў з Грэцыі ў Літву, каб затрымаць апазыцыйнага блогера Рамана Пратасевіча і ягоную партнэрку Сафію Сапегу.
Эўразьвяз, у сваю чаргу, аднагалосна працягнуў эканамічныя санкцыі супраць Беларусі яшчэ на год раней сёлета. Гэтыя меры ўключаюць забарону на імпарт беларускіх калійных угнаеньняў і адрасныя санкцыі супраць кампаніяў, такіх як «Беларуськалій».
Хоць угнаеньні на аснове азоту тэхнічна ўсё яшчэ могуць імпартавацца ў ЭЗ, іх таксама паступова выводзяць з рынку. Летась Эўразьвяз увёў дадатковыя мыты ў памеры 40–45 эўра за тону паверх 6,5-працэнтнага тарыфу на такую прадукцыю з Беларусі і Расеі. Гэтыя мыты мусяць вырасьці да 60 эўра за тону ўжо гэтым летам і да 80 эўра ў наступным годзе, а да 2028 году дасягнуць 350 эўра за тону.
Цягам некалькіх месяцаў эўрапейскія чыноўнікі як публічна, так і ў прыватных размовах адмаўлялі, што Злучаныя Штаты ціснуць на Эўропу з патрабаваньнем зьмякчыць санкцыі супраць Беларусі.
Якія варыянты прапануюць
Аднак ліст Коўла фактычна прасоўвае такую ідэю, адзначаючы: «Транзыт праз краіны ЭЗ запатрабуе або зьняцьця Эўразьвязам санкцыяў зь беларускага калію, або адмовы краін транзыту ад іх праз адпаведны прававы мэханізм. Любая закупка беларускага калію Захадам можа пазбавіць Расею магчымасьці прадаваць уласны калій і не дазволіць ёй атрымліваць выгаду ад транзытных збораў».
У дакумэнце таксама згадваецца магчымы кампрамісны варыянт: «Частка або ўсе транзытныя зборы, атрыманыя ў рамках гэтай дамоўленасьці, могуць быць накіраваныя краінай транзыту ў спэцыяльны фонд падтрымкі самаабароны Ўкраіны».
Апошні запыт сьведчыць як пра пацяпленьне адносінаў паміж ЗША і Беларусьсю пасьля вяртаньня Дональда Трампа ў Белы дом летась, так і пра рост глябальнай патрэбы ва ўгнаеньнях пасьля абмежаваньня суднаходзтва ў Армускай пратоцы праз шырэйшы канфлікт на Блізкім Усходзе.
Праз гэты водны шлях звычайна праходзіць каля пятай часткі сусьветных энэргарэсурсаў, але таксама да 30 працэнтаў глябальнага экспарту ўгнаеньняў, у тым ліку каля 20 працэнтаў сусьветнага гандлю звадкаваным прыродным газам, які ёсьць ключавым кампанэнтам у вытворчасьці сынтэтычных угнаеньняў.
Калій мае крытычнае значэньне для вытворчасьці прадуктаў харчаваньня. Разам з азотам і фосфарам ён выкарыстоўваецца ва ўгнаеньнях, неабходных для поўнага цыклю вырошчваньня такіх важных сельскагаспадарчых культураў, як пшаніца, рыс і кукуруза — прадуктаў, якія забясьпечваюць больш як 40 працэнтаў сусьветнага спажываньня калёрыяў.
Паводле ацэнак, Беларусь забясьпечвае каля 15 працэнтаў сусьветнай вытворчасьці ўгнаеньняў, што прынесла краіне больш за 1 мільярд даляраў у 2024 годзе. Раней Беларусь экспартавала калій праз парты балтыйскіх краінаў, у першую чаргу праз Клайпеду ў Літве, але цяпер вымушаная транспартаваць прадукцыю па расейскай чыгунцы, галоўным чынам у Санкт-Пецярбург, што займае больш часу, улічваючы прыярытэт расейскага калію.
Што папярэднічала
20 траўня некалькі замежных агенцтваў паведамілі, што Злучаныя Штаты Амэрыкі падштурхоўваюць Украіну скасаваць абмежаваньні на імпарт калійных угнаеньняў зь Беларусі і заклікалі гэтую краіну паўплываць на эўрапейскіх хаўрусьнікаў, каб яны зрабілі тое ж самае.
Вашынгтон нібыта аргумэнтаваў сваю просьбу тым, што скасаваньне санкцый на імпарт ключавога пажыўнага рэчыва для глебы можа дапамагчы Беларусі дыстанцыявацца ад Расеі і адчыніць дзьверы для паляпшэньня дачыненьняў зь Менскам.
Эўрапейскія санкцыі дзейнічаюць да лютага 2027 году і могуць быць падоўжаны.
Лукашэнка заяўляў, што санкцыі не перашкаджаюць экспарту калію
18 траўня Аляксандар Лукашэнка заявіў, што Беларусь працягвае пастаўляць мінэральныя ўгнаеньня на зьнешнія рынкі насуперак уведзеным міжнародным санкцыям.
«Мы прыставаліся да іх (санкцый) і ў нас сёньня лішніх мінэральных угнаеньняў няма. Усё, што мы некалі пастаўлялі, і нават больш, — па цэнах, і па аб’ёмах — мы прадаём на міжнародных ранках», — сказаў Лукашэнка на сустрэчы з губэрнатарам Сьвярдлоўскай вобласьці Расеі Дзянісам Пасьлерам і прапанаваў яму пры неабходнасьці дапамагчы зь мінэральнымі ўгнаеньнямі.
У той жа час Лукашэнка з пачатку дыялёгу з ЗША неаднаразова абмяркоўваў тэму скасаваньня санкцый на пастаўкі беларускіх мінэральных угнаеньняў, у тым ліку праз марскі порт у Літве.
У 2022 годзе Літва спыніла транзыт праз сваю тэрыторыю прадукцыі «Беларуськалію», другога па велічыні ў сьвеце вытворцы сельскагаспадарчых угнаеньняў, пасьля таго, як дзяржаўная беларуская кампанія трапіла пад санкцыі ЗША ў адказ на рэпрэсіі, якія адбыліся пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў.
Беларусь выкарыстоўвала Клайпедзкі порт Літвы для экспарту калію, які зьяўляецца буйной крыніцай прыбытку для краіны. Угнаеньні куплялі многія дзяржавы сьвету, у тым ліку такія буйныя як Індыя, Кітай і Бразылія.
Эўрапейскі зьвяз увёў санкцыі супраць беларускага калію ў 2022 годзе ў адказ на дапамогу Лукашэнкі Расеі пры ўварваньні ва Ўкраіну.
ЗША скасавалі санкцыі на беларускі калій сёлета ў сакавіку, калі Беларусь вызваліла 250 зьняволеных у рамках пагадненьня, падпісанага пры пасярэдніцтве ЗША. Але эўрапейскія санкцыі дзейнічаюць да лютага 2027 году і могуць быць прадоўжаныя.
У сакавіку пасланец прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа ў Беларусі Джон Коўл заявіў літоўскаму нацыянальнаму вяшчальніку LRT, што аднаўленьне экспарту калійных угнаеньняў празь Літву будзе выгадным для Злучаных Штатаў. Літоўскія ўлады доўга адмаўлялі які-кольвечы ціск з боку амэрыканцаў у гэтай справе.
15 траўня стала вядома, што міністар замежных справаў Літвы непублічна прызнаў ціск ЗША ў справе транзыту беларускіх угнаеньняў.
Цяпер экспарт беларускіх угнаеньняў цалкам залежыць ад Расеі і яе магчымасьцяў. У той жа час сама меней два з марскіх партоў, якія працуюць пераважна зь беларускай прадукцыяй істотна пацярпелі ад украінскіх удараў. Апроч таго, праз супольную амэрыкана-ізраільскую апэрацыю ў Іране заблякаваныя адзін з галоўных гандлёвых марскіх шляхоў — Армуская пратока.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное